Уладальніцу гарадзенскага бара прымушаюць выконваць норму, якой няма ў законе
4- 22.04.2025, 14:03
- 5,636

Мясцовыя ўлады патрабуюць ад яе тое, што не прапісана заканадаўствам.
Уладальніцу гарадзенскага бара аштрафавалі на 210 рублёў за парушэнне начнога рэжыму працы. Аднак у цэнтры гісторыі не штраф. Мясцовыя ўлады патрабуюць ад яе тое, што не загадана законам, піша Hrodna.life.
Бар "Р", які належыць фірме "Н" (у інфармацыі з судоў даюць толькі першую літару назвы), двойчы ў 2025 годзе працаваў пасля 23.00 без узгаднення з гарвыканкамам. За гэта ў красавіку 2025 года Эканамічны суд Гарадзенскай вобласці аштрафаваў уладальніцу на пяць базавых адзінак - 210 рублёў.
Згодна з беларускім заканадаўствам, каб прадаваць алкаголь ноччу - з 23:00 да 7:00 - бар павінен атрымаць дазвол мясцовага выканкама. А выканкам, у сваю чаргу, вызначае, ці адпавядае заяўнік умовам Пастановы Савета Міністраў №319.
Калі ўладальніца бара яшчэ ў 2024 годзе звярнулася па дазвол на працу ў начны час, Гарадзенскі гарвыканкам ёй адмовіў. Сярод прычын адмовы - адсутнасць падключэння да рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі.
Праблема ў тым, што такое патрабаванне ўжо не дзейнічае. З 2022 года яно выдаленае з Пастановы Савета Міністраў № 319.
Што гаворыць закон?
Пастанова Савета Міністраў № 319, якая рэгулюе гандаль алкаголем уночы, з'явілася ў 2021 годзе і ўжо некалькі разоў абнаўлялася. У версіі, якая дзейнічае з 2022 года, выкраслена патрабаванне падключаць бары да рэспубліканскай сістэмы. Засталося толькі патрабаванне мець сістэму лакальнага відэаназірання. І гэта - не тое ж самае, што падключэнне да цэнтральнай «разумнай сістэмы», якая ў рэжыме рэальнага часу адсочвае сітуацыю і распазнае твары праз штучны інтэлект.
Увогуле патрабаванне мець лакальную сістэму відэаназірання не прывязанае да начнога рэжыму працы. Яно дзейнічае з 2013 года для ўсіх устаноў грамадскага харчавання і рэгулюецца Пастановай Савета Міністраў № 1164. Іншымі словамі, закон не патрабуе падключаць бар да «разумнага назірання» нават калі ён працуе ўначы і прадае алкаголь.
Або чыноўнікі Гарадзенскага гарвыканкаму працуюць паводле састарэлых норм, альбо свядома выстаўляюць патрабаванні, якіх няма ў законе.