Крэмль патрабуе ад Украіны скасаваць забарону на перамовы з Пуціным
8- 22.04.2025, 14:11
- 6,874

Патрабаванне агучыў Пяскоў.
Для пачатку перамоў з Рас6яй аб спыненні ўдараў па цывільнай інфраструктуры Украіне неабходна зняць забарону на дыялог з Масквой, заявіў прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў. “Пры жаданні ўкраінскай стараны, пры адкрытасці ўкраінскай стараны, напэўна, павінныя быць нейкія прынятыя крокі для таго, каб юрыдычна “расчысціць” вось гэтыя перашкоды на шляху такіх кантактаў. Калі ёсць такая гатоўнасць”, – сказаў Пяскоў, паведамляе “Інтэрфакс”.
20 красавіка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў адказ на абвешчанае Расеяй велікоднае замірэнне прапанаваў адмовіцца "ад усіх удараў дальнабойнымі дронамі і ракетамі па цывільнай інфраструктуры на тэрмін не менш як 30 дзён з магчымасцю падаўжэння". Пуцін назваў гэтую прапанову "прадметам для ўважлівага даследавання", магчыма, нават "у двухбаковым парадку". Пасля гэтага Зяленскі адзначыў, што Кіеў гатовы да “ўсялякай размовы” наконт таго, як гэта можна забяспечыць.
У той жа час, як удакладніў Пяскоў, канкрэтных планаў перамоў аб мараторыі на ўдары па цывільных аб'ектах пакуль няма. Паводле ягоных слоў, Пуцін ужо патлумачыў складанасць гэтай прапановы: трэба дакладна разумець, у якіх сітуацыях цывільныя аб'екты "могуць быць ваеннай мэтай, а ў якіх не могуць быць". “Калі там ладзяць нараду, напрыклад, баевікі, гэта цывільны аб'ект? Цывільны. Але гэта ваенная цэль? Ваенная цэль. Таму тут ёсць нюансы, якія ёсць сэнс абмеркаваць”, – растлумачыў Пяскоў.
Да гэтага Пуцін неаднаразова казаў, што гатовы весці перамовы з Украінай, але гэта немагчыма з-за ўведзенай у краіне забароны. Ён спасылаўся на ўказ Рады нацыянальнай бяспекі і абароны (РНБА) Украіны, які забараняў перамовы асабіста з Пуціным. Зяленскі ўвёў у дзеянне гэты дакумент у кастрычніку 2022 года. У Крамлі пасля гэтага казалі, што Кіеў можа выйсці на "мірную траекторыю", калі ўкраінскі прэзідэнт скасуе гэтую забарону. Зяленскі тлумачыў, што мэтай забароны было спыненне “ценявых перагаворных калідораў”. “Я прэзідэнт Украіны, я лідар тых ці іншых перамоў. Усім астатнім я гэта забараніў”, - казаў украінскі лідар.