Мядзведзеў пагражае легендарнаму чэшскаму хакеісту Гашэку
8- 22.04.2025, 19:29
- 8,666

Двухразовы ўладальнік Кубка Стэнлі паскардзіўся ў МАК на пагрозу забойствам ад былога прэзідэнта РФ.
Былы прэзідэнт Расеі, намеснік старшыні Савета бяспекі Расеі Дзмітрый Мядзведзеў адрэагаваў на скаргу ў Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) на ягоны допіс пра двухразовага ўладальніка Кубка Стэнлі Дамініка Гашэка.
Чэх раней заклікаў не радавацца снайперскаму рэкорду Аляксандра Авечкіна ў НХЛ. А Мядзведзеў, віншуючы Авечкіна, напісаў: «PS. Чакаем суіцыду вар'ята чэха Гашэка». Гашэк расцаніў гэтыя словы Мядзведзева як пагрозу забойствам і накіраваў скаргі ў МАК і Міжнародную федэрацыю хакея (IIHF).
«Дзмітрый Анатольевіч мяркуе, што былы брамнік Гашэк пакутуе ад цяжкай формы псіхічнага захворвання: русафобіі ў форме трызнення пераследу», - сказаў ТАСС памочнік Мядзведзева Алег Восіпаў.
«Я б рэкамендаваў яму акуратней пераходзіць дарогу і не піць піва ў неправераных месцах і рэгулярна наведваць псіхіятра», - працытаваў Восіпаў Мядзведзева.
60-гадовы Гашэк вядомы сваімі рэзкімі выказваннямі на адрас Расеі пасля пачатку вайны ва Украіне. Ён неаднаразова заклікаў НХЛ і іншыя міжнародныя арганізацыі поўнасцю адхіліць расейскіх спартоўцаў ад спаборніцтваў.