На чыгуначным вакзале ў Менску паставілі аптэку-робата
3- 22.04.2025, 20:11
- 3,388

Фотафакт.
На цокальным паверсе чыгуначнага вакзала ў Менску ўстанавілі першую ў Беларусі аўтаматызаваную аптэку, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.
Аўтаматызаваная аптэка - гэта закрыты куб, усярэдзіне якога знаходзяцца стэлажы з лекавымі сродкамі. Пакупніку дастаткова ўвесці назву прэпарата на сэнсарным экране, прыкласці пашпарт і аплаціць. Сканаванне пашпарта неабходна для пацвярджэння, што пакупніку споўнілася 14 гадоў. Пасля гэтага робат выбірае патрэбны прэпарат і перадае яго ў акно выдачы.
У асартыменце робата-аптэкі будзе амаль 300 безрэцэптурных лекаў айчыннай вытворчасці, для захоўвання якіх падтрымліваецца аптымальная тэмпература. Адзначаецца, што ў перспектыве аптэчныя робаты змогуць выдаваць прэпараты на электронных рэцэптах.
Аўтаматызаваная аптэка створаная гомельскім прадпрыемствам Eday Robotics, якое спецыялізуецца на комплекснай аўтаматызацыі розных вытворчасцяў.
