Зяленскі: РФ выціскае з перамоў Амерыку
5- 22.04.2025, 21:26
- 4,068

Украінскі лідар пракаментаваў магчымы выхад ЗША з ролі пасярэдніка ў перамовах.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што пасля спынення агню ўкраінскі бок гатовы сесці за стол перамоў у кожным фармаце. Пра гэта ён сказаў падчас прэс-канферэнцыі з журналістамі 22 красавіка, якую транслявалі на YouТube-канале "Суспільнага".
"Мы гатовы таксама зафіксаваць, што пасля спынення агню мы гатовы садзіцца [за стол перамоў] у кожным фармаце, каб не было ніякага тупіку, што Украіна, там, яна можа, то не можа, там яна хоча - у кожным фармаце", - адзначыў Зяленскі.
Са слоў Зяленскага, Расея выштурхвае ЗША з перамоў.
“Калі яны [РФ] нам кідаюць нейкія пытанні наконт размоў, я думаю, што яны выштурхваюць з перамоваў Амерыку. На гэта рэагуем наступным чынам: я думаю, што Амерыка - рэальны лідар. Мы жадаем, каб яны ўдзельнічалі. Мы хочам, каб яны ціснулі на Расею”, - падкрэсліў Зяленскі.
Таксама ўкраінскі лідар пракаментаваў магчымы выхад ЗША з ролі пасярэдніка ў перамовах.
“Мы б вельмі не хацелі, каб Амерыка выходзіла з гэтай дапамогі, бо гэта не толькі пра дапамогу, гэта і пра выведвальныя звесткі, і пра балістыку, і пра жыццё. І, у прынцыпе, я думаю, што гэта страта стратэгічнага партнёра”, - сказаў Зяленскі.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Украіна і ЗША - супольнікі, тады як Расея - гістарычны вораг Амерыкі.
“Мы вельмі спадзяемся, што прэзідэнт Трамп будзе падтрымліваць Украіну і будзе ціснуць на Расею. І мы вельмі ў гэта верым”, - адзначыў кіраўнік дзяржавы.