У Расеі пачалі скардзіцца на беларускую сельгастэхніку
2- 23.04.2025, 11:43
- 4,072

"Растсельмаш" заявіў аб несумленнай канкурэнцыі.
Продажы сельгастэхнікі ў Расеі ў пачатку года ўпалі больш як на 30 адсоткаў да ўзроўню 2024 года, што вытворцы тэхнікі расцэньваюць як цяжкі крызіс. Пры гэтым расейскія вытворцы скардзяцца на няроўныя ўмовы канкурэнцыі з беларускімі, расказаў "Коммерсанту" суўладальнік "Растсельмаша", прэзідэнт асацыяцыі "Расспецмаш" Канстанцін Бабкін.
Нядаўна "Растсельмаш" заявіў аб няроўных умовах канкурэнцыі з беларускімі вытворцамі. Бабкін растлумачыў, што ў Расеі праграма льготных крэдытаў сёння не працуе: з пачатку года кампанія з ёй прадала два камбайны.
“А ў беларусаў з ільготнымі крэдытамі праблем няма. Можна прыйсці ў любы расейскі банк, узяць крэдыт, купіць беларускі камбайн, і беларускі бюджэт выплаціць вам тры чвэрці стаўкі расейскага ЦБ - прыкладна 15% субсідый на год”, - адзначыў ён.
“На расейскую тэхніку прывілей няма. Калі ты ідзеш у Сбербанк, то табе там скажуць: "30% гадавых, калі ласка". Гэта стварае няроўныя ўмовы канкурэнцыі, і, зразумела, беларусы “ад'ядаюць” у нас дзель, што не дадае стабільнасці”.
Бабкін гэта называе экспансіяй з боку беларускіх вытворцаў. У агульным аб'ёме паставак расейскіх і беларускіх камбайнаў на расейскі рынак беларускія вытворцы ў колькасным вылічэнні займалі ў 2021 годзе дзель 17 адсоткаў. У 2024 годзе гэтая дзель вырасла да 40%. Агулам, калі не ствараць штучных перакосаў, нармальная сітуацыя - наша дзель 75%, у беларусаў - 25%, мяркуе ён.
Выраўняць сітуацыю можа ўзровень субсідавання. “Можна дамовіцца працаваць паводле адзіных правілаў. Калі ў Расні няма магчымасці карыстацца льготнымі крэдытамі, то і Беларусь няхай не выкарыстоўвае субсідыі. А калі мы атрымліваем субсідыі, то і яны няхай запускаюць такія ж. Тут гаворка хутчэй пра міждзяржаўныя дамоўленасці”, - тлумачыць ён.
“Калі вярнуцца ў 2010 год, калі ў нас у адрозненне ад беларускіх вытворцаў не было мер падтрымкі, “Растсельмаш” вырабіў 2,5 тысячы камбайнаў, а "Гомсельмаш" - 3,6 тыс. штук. Нас выціскалі з рынку, усё ішло да таго, што "Растсельмаша" не будзе. Цяпер не такая гісторыя, але сёлета мы можам зраўняцца ў аб'ёме вытворчасці. Хаця я не думаю, што гэтая сітуацыя будзе працягвацца вечна і ўрад будзе спакойна глядзець, як «Растсельмаш» выціснуць за кошт абсалютна няроўнай канкурэнцыі”.