Расейскія вайскоўцы разрабавалі базу адпачынку ў Белгародскай вобласці
4- 23.04.2025, 15:20
- 4,492

Вынеслі лядоўні, пластыкавыя трубы і каўралін.
Расейскія вайскоўцы распляжылі і знішчылі базу адпачынку «Малінаўка» у сяле Новая Тавалжанка ў Белгародскай вобласці, піша мясцовае выданне «Попел».
Паводле яго звестак, базу закрылі і закансервавалі ў траўні 2023 года праз абстрэлы Шабекінскай акругі з боку Украіны. Адразу пасля гэтага аб'ект самавольна занялі вайскоўцы. Да лютага 2025 года на тэрыторыі базы адпачынку дыслакаваліся розныя падраздзяленні, у тым ліку байцы «ПВК Вагнер» і як мінімум дзве групы вайскоўцаў пад кіраваннем камандзіраў з пазыўнымі «Разань» і «Страж». Апошнія сцвярджалі, што ім «загадалі» заняць гэтую базу.
Калі вайскоўцы пакінулі «Малінаўку», яны пакінулі пасля сябе выбітыя шыбы і дзверы, разбітую мэблю і разрабаваныя памяшканні. Былі скрадзеныя лядоўні, бытавая тэхніка, прамысловы грыль, два більярдавыя сталы, помпы для басейна, 160 алюмініевых радыятараў, 400 метраў пластыкавых труб, 200 квадратных метраў каўраліну і надзіманая лодка. Таксама вайскоўцы злілі з сістэмы апалу 400 літраў тасолу. Са звестак «Попелу», уласнікі «Малінаўкі» напісалі заявы ў следчыя органы яшчэ 10 лютага, падаўшы спіс выкрадзенай маёмасці з 37 пазіцый. Аднак аб выніках расследавання дагэтуль нічога невядома.