У Ватыкане пачалася цырымонія развітання з папам Францішкам
2- 23.04.2025, 18:16
- 1,926

Развітацца з пантыфікам прыедуць сотні тысячаў чалавек з усяго свету.
Тых, хто прыйшоў развітацца з спачылым рымскім папам Францішкам, пачалі пускаць у сабор Святога Пятра, куды ў сераду, 23 красавіка, была перанесеная труна з целам пантыфіка з папскай рэзідэнцыі Санта-Марта. На ўрачыстай цырымоніі пераносу труны прысутнічалі тысячы чалавек.
Цяпер ахвотныя могуць развітацца з папам Францішкам да пятніцы, 25 красавіка, уключна. У сераду і чацвер сабор будзе адкрыты да поўначы, у пятніцу – да 19-й, паведамляе агенцтва KNA. Урачыстае закрыццё труны запланаванае на 20-ю 25 красавіка.
Пахаванне кіраўніка Каталіцкай царквы адбудзецца 26 красавіка. За гэтыя некалькі дзён, як чакае МУС Італіі, развітацца з пантыфікам прыедуць сотні тысячаў чалавек з усяго свету, а таксама да 170 замежных дэлегацый. На пахаванне павінны прыбыць, сярод іншых, прэзідэнты ЗША, ФРГ, Францыі і Украіны.
Францішак стане першым за больш чым стагоддзе папам рымскім, які будзе пахаваны не ў Саборы Святога Пятра, а ў папскай базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ ў цэнтры Рыма. Ён завяшчаў пахаваць сябе «ў зямлі, у простай магільні з адзіным надпісам: Franciscus».
Папа рымскі Францішак (у свеце Хорхе Марыя Бергольё), які больш за 12 гадоў узначальваў Каталіцкую царкву, памёр ад інсульту і наступнага «зваротнага сардэчна-сасудзістага калапсу» раніцай 21 красавіка, абвясцілі ў Ватыкане. Напярэдадні, калі каталікі, пратэстанты і праваслаўныя хрысціяне па ўсім свеце адзначалі свята Уваскрэсення Хрыстовага, пантыфік прывітаў людзей на плошчы Святога Пятра і павіншаваў вернікаў з Вялікаднем. Гэта было ягонае апошняе з'яўленне на публіцы перад смерцю.