Трамп абвінаваціў Зяленскага ў магчымым зрыве «ўгоды» датычна Украіны
31- 23.04.2025, 19:29
- 12,464

Прэзідэнт Украіны напярэдадні заявіў, што Кіеў не будзе юрыдычна прызнаваць Крым тэрыторыяй РФ.
Ніхто не просіць украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага прызнаць Крым тэрыторыяй Расеі, аднак дзеянні Кіева не гавораць пра сур'ёзнасць намераў вярнуць кантроль над паўвостравам. Пра гэта заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social.
«Ніхто не просіць Зяленскага прызнаць Крым расейскай тэрыторыяй, але, калі ён хоча Крым, чаму яны не змагаліся за яго 11 гадоў таму, калі ён быў перададзены Расеі без адзінага стрэлу?» – напісаў ён.
«Сітуацыя для Украіны крытычная – ён можа выбраць мір або прадаўжаць вайну яшчэ тры гады, перш чым страціць усю краіну. Я не маю ніякага дачынення да Расеі, але мне неабыякава тое, што кожны тыдзень паміраюць у сярэднім пяць тысячаў расейскіх і ўкраінскіх салдатаў – зусім дарма. Заява, зробленая сёння Зяленскім, толькі падоўжыць "поле смерці", а гэтага ніхто не хоча!» – напісаў Трамп у Truth Social.
Зяленскі напярэдадні заявіў, што Кіеў не будзе юрыдычна прызнаваць Крым расейскай тэрыторыяй. The Washington Post незадоўга да гэтага паведаміла, што на перамовах у Лондане 23 красавіка ЗША выступяць з прапановай аб прызнанні Кіевам і еўрапейскімі краінамі Крыма як расейскай тэрыторыі.