24 красавiка 2025, Чацвер, 1:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як атрымаць шэнген хутка і на доўгі тэрмін

5
Як атрымаць шэнген хутка і на доўгі тэрмін

Экспертка падзялілася лайфхакам.

Беларусы, якія мараць пра шэнген, шукаюць спосабы атрымаць візу хутка і на доўгі тэрмін. Адным з лайфхакаў падзялілася карыстальніца ў TikTok. Паводле ейных словаў, працуе ён з італьянскай візай і толькі ў тым выпадку, калі ў вас ёсць блізкі сваяк з ВНЖ у Еўразвязе. Візавая экспертка і рэдактарка visaflow.live Настасся Лысакоўская кажа, што дзяўчына не зусім мае рацыю, але падказка ў яе словах сапраўды ёсць, піша «Люстэрка».

Паводле словаў Настассі Лысакоўскай, у гэтым выпадку гаворка ідзе пра гасцявую візу. Каб на яе падацца, трэба запрашэнне ад чалавека, які жыве ў краіне, шэнген якой вы хацелі б атрымаць.

– Сапраўды, гасцявую візу з запрашэннем ад грамадзяніна з ВНЖ, ПМЖ або грамадзянствам у Шэнгенскай зоне могуць выдаць на больш доўгі тэрмін. Часта на адзін-два гады. Хоць ёсць выпадкі, што і на даўжэй. Усё залежыць ад краіны і канкрэтных абставінаў, – кажа экспертка. – Лепш за ўсё гэта працуе, калі ў госці вас клічуць блізкія сваякі – бацькі, дзеці, муж і жонка.

Знаёмыя ці дзядзькі-цёткі таксама могуць, але «гэта ўжо менш відавочныя катэгорыі».

– Фармальна такія сувязі не заўсёды прызнаюцца дастатковымі для «сямейнай візы», – адзначае Настасся.

Паводле назіранняў эксперткі, Італія паказвае «найбольшую гнуткасць і чалавечнасць у візавай палітыцы ў дачыненні да беларусаў». Запрашэнне можа зрабіць чалавек з ПМЖ, грамадзянствам ці ВНЖ, нават калі ён атрымаў яго нядаўна. Напісаць дакумент просяць ад рукі. Зрабіць гэта трэба на ўзор, размешчаны на сайце консульства.

– Калі вас клічуць блізкія сваякі, то запісацца на падачу на італьянскі шэнген можна праз электронны ліст у консульства. У ім паказваеце звесткі таго, хто вас запрашае, і свае, да яго прыкладваеце фота запрашэння (копію, а арыгінал лепш падаць пры падачы) і прасіце прызначыць дату. Адказ звычайна прыходзіць праз 1-2 тыдні. Калі яго няма, раю прадубляваць ліст, – тлумачыць механізм Настасся. – У выпадку, калі ў госці вас клічуць «іншыя асобы» – сябры, далёкія сваякі, знаёмыя – запіс праходзіць гэтак сама, як і ва ўсіх астатніх, гэта значыць праз сайт візавага цэнтра (ВЦ) Італіі або жывую чаргу. Праўда, варта адзначыць, што рэгістрацыя праз сайт на гэты момант закрытая, а жывая чарга пераваліла адзнаку ў 37 тысячаў чалавек. Пры тым, што пакуль у апрацоўцы дакументы тых, хто ў спісе з нумарам да 20 тысячаў. Думаю, калі ў вас няма запрашэння, цяпер самы дакладны спосаб запісацца тут на падачу – гэта набыць тур у Італію праз агенцтва: у іх ёсць квоты для тых, каго яны вязуць у падарожжа.

Настасся адзначае, магчымасць паспрабаваць атрымаць візу на запрашэнне ёсць і ў іншых краінах.

– Напрыклад, Францыя. Запіс на гасцявы шэнген ажыццяўляецца праз ліст у консульства незалежна ад таго, хто запрашае – сябры ці блізкія. Тэрміны выдачы розныя, сустракаюцца адмовы. Нямеччына афармляе такія візы ў агульным парадку. Для гэтага чалавек запаўняе заяўку на сайце консульства і чакае ў агульнай чарзе, – гаворыць суразмоўца. – У Польшчы запіс на візу для наведвання родных або сяброў ідзе праз сайт ВЦ. Статыстыка выдачы добрая, у выпадку блізкага сваяцтва можна атрымаць шэнген на тэрмін да 5 гадоў. Пры гэтым ёсць адно але. Паклікаць вас да сябе можа толькі чалавек з ПМЖ ці грамадзянствам.

На думку суразмоўцы, ёсць у спісе краінаў з афармленнем гасцявой візы і тыя, куды яна б ісці не рэкамендавала. На цяперашні момант гэта Гішпанія.

– Цяпер тут назіраецца шмат адмоваў, – кажа экспертка. – Прычына, як мне здаецца, у тым, што консульства расцэньвае такія візы як спробу застацца ў краіне, а менавіта – нямэтавае выкарыстанне.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках