Навукоўцы высветлілі, як доўга Зямля будзе заставацца прыдатнай для жыцця
13- 23.04.2025, 21:25
- 7,200

Даследаванне апублікавалі навукоўцы з Універсітэта Чыкага.
Складаныя формы жыцця змогуць існаваць на Зямлі яшчэ прынамсі мільярд гадоў, перш чым кліматычныя ўмовы стануць занадта суровымі для іх выжывання. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы з Універсітэта Чыкага. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Planetary Science Journal (PSJ).
Згодна з даследаваннем, свячэнне Сонца павялічваецца прыкладна на 10% з кожным мільярдам гадоў. Гэта прыводзіць да таго, што Зямля атрымлівае ўсё больш энэргіі, і, як вынік, тэмпература на паверхні планеты няўхільна расце. У перспектыве гэта можа зрабіць планету непрыдатнай для жыцця.
Ключавым элементам у падтрыманні жыццяздольнасці планеты з'яўляецца вугляродны цыкл. Навукоўцы адзначаюць, што гэты працэс будзе парушаны прыкладна праз 1,6 мільярда гадоў пад уплывам сонечнай актыўнасці, якая ўзмацняецца. Адным з наступстваў стане паскарэнне выветрывання сілікатных пародаў – працэсу, падчас якога вуглякіслы газ здабываецца з атмасферы і звязваецца ў пародах.
Гэты механізм, які рэгулюе ўзровень CO2 (вуглякіслага газу) у атмасферы, выконвае вызначальную ролю ў падтрыманні жыцця раслінаў. Расліны выкарыстоўваюць вуглякіслы газ для фотасінтэзу, вырабляючы кісларод і служачы асновай харчовага ланцуга. Аднак з узмацненнем выветрывання канцэнтрацыя CO2 пачне імкліва зніжацца. Гэта прывядзе да знішчэння расліннасці, а за ёй – і жывёлаў, якія залежаць ад яе.
Такім чынам, навукоўцы мяркуюць, што хоць Зямля застанецца прыдатнай для жыцця яшчэ доўга, яе «біялагічны гадзіннік» ужо пачалі адлік.