Найлепшы футбольны арбітр Беларусі адхілены ад працы
3- 24.04.2025, 10:23
- 2,654

Фота: dinamo-minsk.by
Апошні матч для яго склаўся вельмі няўдала.
Футбольны суддзя Віктар Шымусік не атрымаў назначэння на чарговы тур чэмпіянату Беларусі. Больш за тое, арбітр не будзе абслугоўваць гульні першай і жаночай ліг, піша «Точка».
Пастанова прынятая дэпартаментам судзейства і інспектавання Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола". Адхіленне Шымусіка, магчыма, звязанае з яго працай на цэнтральным матчы 5-га тура вышэйшай лігі паміж менскім "Дынама" і БАТЭ (2:1). Гульня прайшла 19 красавіка, але размовы аб уплыве на яе суддзі не сціхаюць дагэтуль.
Падчас сустрэчы Шымусік прыняў цэлы шэраг спрэчных пастаноў. Самай рэзананснай з іх стаў непрызначаны ў браму чэмпіёнаў пенальці пасля небяспечнай гульні дынамаўца Фарда Ібрагіма.
Заўзятары “бела-сініх” парыруюць сваім візаві з Барысава іншым момантам, які адбыўся крыху раней.
Каментароў федэрацыі наконт адхілення суддзі не з'яўлялася.
Адзначым, што абмеркаванне працы рэферы на афіцыйным узроўні і разгалашэнне ацэнкі інспектара забараняецца спецыяльнай канвенцыяй УЕФА.
Па выніках сезона-2024 Віктар Шымусік быў прызнаны найлепшым арбітрам Беларусі.
Не першы скандал з удзелам Шымусіка
Рэферы ўжо адзначаўся рэзананснымі гісторыямі ў чэмпіянаце-2024.
Галоўным спрэчным момантам, звязаным з суддзёй, быў прызначаны ў браму гарадзенскага "Нёмана" пенальці ў гульні супраць менскага "Дынама".
Нягледзячы на правільнасць прынятай пастановы, арбітр стаў аб'ектам нападак з боку галоўнага трэнера "жоўта-зялёных" Ігара Кавалевіча.