Беларусь можа чакаць яшчэ адзін эканамічны крызіс
1- 24.04.2025, 11:47
- 2,440

Банкі прымушаюць даваць прадпрыемствам танныя грошы.
Нацбанк знайшоў спосаб падштурхнуць эканамічны рост: даваць прадпрыемствам так званыя інвестыцыйныя крэдыты, якія будуць таннейшымі за іншыя пазыкі. Эканамістка Настасся Лузгіна ў размове з «Белсатам» папярэдзіла, што пры найгоршым сцэнары такая раздача грошай зараз можа прывесці да сур'ёзнага крызісу ў будучыні.
17 красавіка першы намеснік старшыні Нацыянальнага банка Аляксандр Ягораў на сустрэчы з топ-мэнэджарамі банкаў расказаў, каму і на што трэба даваць крэдыты. Фінансавыя арганізацыі павінны даваць прадпрыемствам перш за ўсё так званыя інвестыцыйныя пазыкі - гэта, груба кажучы, не на заробкі работнікам, а на развіццё бізнэсу: напрыклад, на куплю абсталявання, тэхналогій, будаўніцтва новай вытворчай лініі або на запуск новага бізнэсу.
Каб банкі не завышалі стаўкі такіх інвестыцыйных крэдытаў і каб кантраляваць, як фінансавыя арганізацыі выконваюць загад, Нацбанк пашырыў пералік так званых разліковых велічынь стандартнай рызыкі. Раней для юрыдычных асоб такі паказчык быў адзіны і тычыўся ўсіх пазык. Нядаўна рэгулятар асобна дадаў крэдыты да трох гадоў і крэдыты на тэрмін больш за тры гады. Вось гэтыя доўгія пазыкі і будуць лічыцца інвестыцыйнымі.
Ад велічыні стандартнай рызыкі залежыць стаўка, і пакуль Нацбанк не вызначыў гэты паказчык, не было зразумела, пад які адсотак будуць пазычаць прадпрыемствам інвестыцыйныя грошы.
І вось зараз стала вядома, што крэдыты на развіццё бізнэсу будуць таннейшыя. Разліковая велічыня стандартнай рызыкі для іх - 12,29%, для іншых пазык - 12,87%.
«Гэта ўпісваецца ў тую парадыгму, што банкі павінны асаблівую ўвагу надаваць інвестыцыйным крэдытам. І каб гэтыя пазыкі былі больш даступнымі, прывабнымі, вызначылі вось такія велічыні», – кажа «эканамістка даследчага цэнтра BEROC Настасся Лузгіна.
Экспэртка прагназуе: банкі сапраўды пачнуць выдаваць больш інвестыцыйных крэдытаў, аднак нейкага буму чакаць не даводзіцца. Тым больш праектаў, якія пасавалі б для такога фінансавання, не стае. Банкі павінны быць упэўненыя, што пазычальнік верне грошы, а таму ў ідэале павінны пільна звяраць і вывучаць дакументы заяўнікаў. Цяпер жа, магчыма, на нейкія нястачы будуць заплюшчваць вочы:
«Банкі будуць старацца выканаць паказчыкі росту крэдытавання і ў пэўнай ступені могуць больш лаяльна ставіцца да выдачы грошай на тыя праекты, якім раней маглі б адмовіць».
Агулам беларускія прадпрыемствы пазычаюць грошы ў банкаў усё хутчэй. Старшыня Нацбанка Раман Галоўчанка на мінулым тыдні паведаміў, што крэдытаванне юрыдычных асоб вырасла ў першым квартале на 12% год да года. За тры месяцы кампаніі набралі пазык амаль на 40 млрд рублёў.
Настасся Лузгіна прызнае, што раздача танных грошай напраўду можа падштурхнуць эканамічны рост зараз, аднак гэта пагражае крызісам у будучыні. Пытанне ў тым, наколькі эфектыўна кампаніі выкарыстаюць пазыкі і ці здолеюць іх вярнуць:
«Калі крэдыты браліся не на рост вытворчасці, або на рост вытворчасці, але яна была непрыбытковай, то гэта можа прыводзіць да пагаршэння стану кампаній, іх закрэдытаванасці. Калі грошы не будуць вяртаць банкам своечасова, гэта можа прывесці да пагаршэння сітуацыі ў банкаўскай сістэме. Тады вырасце нагрузка на дзяржаву, якая будзе падтрымліваць кампаніі, якія ўзялі крэдыт і не могуць яго вярнуць».