25 красавiка 2025, Пятніца, 0:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Урад РФ пачаў рыхтавацца да крызісу сыравінных прыбыткаў бюджэту

4
Урад РФ пачаў рыхтавацца да крызісу сыравінных прыбыткаў бюджэту

Бюджэт РФ сутыкнуўся з двухзначным падзеннем сыравінных прыбыткаў.

Выдаткаваўшы больш за 20 трыльёнаў расейскіх рублёў на вайну і «праеўшы» дзве траціны рэзерваў Фонду нацыянальнага дабрабыту (ФНБ), расейскія ўлады рыхтуюцца перайсці ў рэжым эканоміі бюджэту, які сутыкнуўся з двухзначным падзеннем сыравінных прыбыткаў, паведамляе The Moscow Times.

Мінфіну «трэба быць гатовым да змены сітуацыі, прапрацаваць самыя розныя сцэнары» і «асаблівую ўвагу аддаць прафілактыцы бюджэтных рызыкаў», звязаных з пагрозай дэстабілізацыі сусветнай эканомікі, заявіў на калегіі ўстановы ў сераду прэм'ер-міністр РФ Міхаіл Мішусцін.

Галоўная з гэтых рызыкаў – скарачэнне экспартных прыбыткаў эканомікі праз гандлёвыя войны, удакладніў на той самай калегіі міністр фінансаў Антон Сілуанаў. Паводле ягоных словаў, бюджэтнае правіла, паводле якога напаўняецца і траціцца ФНБ, давядзецца падрыхтаваць на выпадак «стрэсавага сцэнарыя» на рынку нафты, дзе кошты расейскага гатунку Urals ужо месяц трымаюцца ніжэй за $60, а на кароткі час падалі $50.

«Трэба прыводзіць выдаткі ў адпаведнасць з новымі рэаліямі, – сказаў Сілуанаў. – Давядзецца недзе быць сціплейшымі ў нашых жаданнях».

Праз танную нафту, па якой ударылі мыты Трампа і павелічэнне здабычы АПЕК+, бюджэт ужо недалічыўся 17% нафтагазавых прыбыткаў у лютым і сакавіку. У красавіку, паводле разлікаў Reuters, спад паскорыўся да 22% год да году, а Мінфін упершыню за 16 месяцаў пачаў штодня прадаваць валюту з ФНБ, каб закрыць нястачу.

Сярэдні кошт Urals у сакавіку апусціўся да $59 пры закладзеных у бюджэт $69,7. А паводле вынікаў года складзе толькі $56, гэта значыць у красавіку – снежні ўпадзе да $53, вынікае з абноўленага макрапрагнозу Мінэканамразвіцця. Паводле разлікаў МЭР, гэта пазбавіць эканоміку $35 млрд экспартных прыбыткаў, гадавы аб'ём якіх абновіць 8-гадовы мінімум – да $410,6 млрд.

Пры нафце ніжэйшай за $60 Мінфін павінен прадаваць валюту з ФНБ, каб пакрыць нястачу сыравіннай рэнты ў бюджэце, але вольных грошай у фондзе так мала, як не было ніколі з моманту стварэння ў 2008 годзе: блізу $40 млрд. Урад можа апусціць «планку адсячэння» бюджэтнага правіла, якая выкарыстоўваецца для аперацый з ФНБ, да $50, расказалі знаёмыя з сітуацыяй крыніцы РБК.

Гэта можа азначаць неабходнасць знізіць выдаткі бюджэту на 1,5–1,6 трлн рублёў, ацэньвае галоўная эканамістка Альфа-банка Наталля Арлова. Зрэшты, любая пастанова аб абмежаванні бюджэтных выдаткаў будзе балючай для бюджэтаатрымальнікаў, а прыняць яе будзе нялёгка, паколькі «геапалітычныя прыярытэты па-ранейшаму выконваюць галоўную ролю», паказвае яна.

З нафтай за $50 бюджэт недалічыцца кожнага трэцяга рубля запланаваных нафтагазавых збораў – 3,1 трлн рублёў з 10,9 трлн, ацэньвае гендырэктар КК «Арыкапітал» Аляксей Траццякоў. І калі нафтавыя каціроўкі не стабілізуюцца, ураду давядзецца «перагледзець істотны аб'ём выдаткаў», папярэджвае Аляксандра Пракапенка, навуковая супрацоўніца Carnegie Russia Eurasia Center.

Выратаваць бюджэт магла б дэвальвацыя рубля – да 110–120 рублёў за даляр, мяркуе Траццякоў. Але гэта разгоніць інфляцыю, якая прадаўжае трымацца вышэй за 10%, нягледзячы на рэкордную за два дзесяцігоддзі ключавую стаўку ЦБ РФ.

Зніжэнне коштаў нафты ўдарыць па прыбытках бюджэту і нафтавых кампаніях, але наўрад ці паўплывае на ваенную эканоміку, мяркуе эканаміст датычна Расеі Bloomberg Economics Аляксандр Ісакаў. Кантракты для ВПК на гэты год, з усяго відаць, ужо ў значнай ступені аплачаныя – за кошт гіганцкіх выдаткаў першага кварталу, паказвае ён. Абарончыя артыкулы будуць апошнімі ў чарзе на секвестр, згодна з Пракапенкам.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках