Дроны трэці раз за красавік атакавалі ракетную частку РФ у Шуі
1- 25.04.2025, 8:22
- 5,978

Жыхары паведамляюць аб выбухах і гуках сірэны.
Шую ў Іванаўскай вобласці Расеі зноў атакавалі беспілотнікі. Раней горад, у якім дыслакаваная 112-я ракетная брыгада УС РФ, быў атакаваны двойчы ў сярэдзіне красавіка, перадае "Нямецкая хваля".
“У горадзе Шуя адбіваецца атака беспілотнікаў. Захоўвайце спакой, перайдзіце ў бяспечнае месца", - гаворыцца ў паведамленні ў Telegram-канале аператыўнага штаба Іванаўскай вобласці ў пятніцу, 25 красавіка, а 5.00 паводле мясцовага часу. Ніякіх іншых падрабязнасцяў не падаецца. Праз прыкладна дзве гадзіны штаб паведаміў, што ў Шуі захоўваецца рэжым небяспекі нападу беспілотнікаў. «На месцы падзення абломкаў працуюць спецыялісты экстраных службаў. Паводле папярэдніх звестак, пацярпелых няма”, - апавясцілі ўлады рэгіёна.
Выданне Astra піша, што жыхары Шуі паведамляюць аб выбухах і гуках сірэны паветранай трывогі ў горадзе.
У горадзе дыслакаваная 112-я ракетная брыгада Узброеных сіл Расеі, якую ўкраінскія вайскоўцы абвінавацілі ва ўдары балістычнымі ракетамі "Іскандэр" па Сумах у Вербную нядзелю 13 красавіка. Ахвярамі гэтага нападу сталі 35 чалавек, у тым ліку двое дзяцей. Ці датычная гэтая брыгада да ўчыненага напярэдадні ноччу нападу на Кіеў і Харкаў, не ўдакладнялася.
Дроны атакавалі Шую 16 і 17 красавіка
Раней Шуя двойчы - 16 і 17 красавіка - зазнала напады БПЛА. Аператыўны штаб рэгіёну тады паведаміў, што напады адбітыя, пацярпелых няма, а ў некалькіх дамах выбітае шкло. Паводле яго звестак, школы ў Шуі былі пераведзеныя на дыстанцыйны рэжым працы.
Мясцовыя жыхары пры гэтым паведамлялі аб выбухах блізу 4.00 паводле мясцовага часу. Тады відавочцы знялі на відэа момант атакі, а таксама пажар, які пачаўся пасля ўдару. Выданне Astra геалакавала адзін з запісаў, ён зняты менш чым за 200 метраў ад вайсковага гарадка 112-й ракетнай брыгады УС РФ, а аўтар аднаго з відэа сцвярджаў, што палае вайсковая часць.
Акрамя таго, паведамлялася, што беспілотнікі, якія атакавалі ў сярэдзіне красавіка Шую, патрапілі па ангарах з балістычнымі ракетамі.