25 красавiка 2025, Пятніца, 16:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У беларускага кіраўніцтва ўзнікае паніка»

7
«У беларускага кіраўніцтва ўзнікае паніка»

Мігранты з Пакістана наўрад ці будуць працаваць у Беларусі.

150 тысяч пакістанцаў, якіх Лукашэнка запрасіў у Беларусь, яшчэ не даехалі, але ўжо бачна рэзкая рэакцыя беларусаў.

Чаму ўзнік такі рэзананс і ці апраўданыя асцярогі? Пра гэта сайт Charter97.org паразмаўляў з беларускім палітолагам Дзмітрыем Балкунцом:

- Мне здаецца, што Лукашэнка, калі казаў пра гэтыя 150 тысяч пакістанцаў, планаваў і працягвае планаваць такім чынам завезці мігрантаў для таго, каб потым перакінуць іх у Еўрапейскі звяз. Беларусы памятаюць пік міграцыйнага крызісу 2021-га года, калі ў Менску і абласных цэнтрах - Берасці і Гародні - знаходзілася вельмі шмат мігрантаў.

Гэта прывяло, у тым ліку, да некаторых сутычак з мясцовымі жыхарамі. Улічваючы, што мігранты не ведалі мовы і ўзнікла мноства іншых праблем, гэта спарадзіла пэўныя стэрэатыпы. Магчыма, у грамадстве прысутнічае нейкая дзель ксенафобіі. Але мігранты наўрад ці будуць працаваць у Беларусі, улічваючы, што заробкі ў Пакістане і Беларусі супастаўныя.

Тут бачна, што ў беларускага кіраўніцтва ўзнікае паніка ў сувязі з рэакцыяй грамадства. Яны прымаюць меры, каб караць тых, хто выказвае сваё меркаванне ў гэтых пытаннях публічна. Я думаю, што за Лукашэнкам ніякія мігранты ў Беларусі працаваць не будуць.

— Кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што абмяркоўваў з дзяржсакратаром ЗША Марка Рубіё сітуацыю на мяжы з Беларуссю. Ці баіцца Польшча магчымасці прыбыцця такой колькасці мігрантаў у Беларусь?

- Відавочна, што баіцца і ацэньвае гэтыя рызыкі. Польшча мае магчымасці здушыць такую актыўнасць рэжыму Лукашэнкі шляхам перакрыцця мяжы.

Пакуль яны ацэньваюць гэтыя рызыкі, але патэнцыйна сітуацыя можа абвастрыцца, напрыклад, позняй восенню, калі Лукашэнка і Пуцін плануюць чарговыя вайсковыя вучэнні, што само па сабе з'яўляецца пагрозай для рэгіянальнай бяспекі.

Магчыма, да таго часу Лукашэнка сапраўды завязе мігрантаў з Пакістана. А можа, гэта была проста гісторыя ў яго стылі: проста языком паплявузгаць, як ён любіць рабіць. Але ўсё адно рызыкі ёсць.

- Нелегальная міграцыя - адчувальная тэма і для новай адміністрацыі ЗША. Ці можа Вашынгтон неяк адрэагаваць на падобныя крокі Лукашэнкі, калі пакістанцы стануць гібрыднай зброяй у ягоных руках?

- Мяркую, што Вашынгтон не занадта занепакоены сітуацыяй з мігрантамі ў Беларусі. У іх дастаткова сваіх праблем. ЗША могуць выказаць дыпламатычную рэакцыю, але сур'ёзнага ўмяшання, хутчэй за ўсё, не будзе.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках