Улады без разбору запісваюць беларусаў у «дармаеды»
4- 25.04.2025, 11:23
- 7,336

У базу трапляюць тыя, каго там не павінна быць.
У базу “дармаедаў” па-ранейшаму памылкова ўключаюць некаторыя катэгорыі насельніцтва. Гэта тычыцца мам дзяцей да сямі гадоў, агароднікаў, а таксама тых, хто працуе ў краінах Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). Людзям даводзіцца даказваць спецыяльным камісіям, што іх не павінна быць у базе.
На адным з апошніх пасяджэнняў “дармаедскай” камісіі ў Крычаўскім раёне разглядалі звароты людзей, якіх уключылі ў базу «дармаедаў», але іх там не павінна было быць, піша «Зеркало».
Сярод іншага гэта жанчына з дзіцем да 7 гадоў, агароднікі і тыя, хто працуе ў краінах ЕАЭС - Арменіі, Казахстане, Кыргызстане і Расеі.
«Дармаеды» цяпер аплачваюць поўнымі тарыфамі некаторыя жыллёва-камунальныя паслугі - ацяпленне, гарачую ваду і газ. Кошт першых двух паслуг для «утрыманцаў» у 5,5 разы вышэй, чым для астатняга насельніцтва.
Пры гэтым чыноўнікі не пакінулі ідэю ўвесці для «дармаедаў» абмежаванні ў бясплатнай медыцыне.
Нагадаем, летась увялі змяненне для беларусак, якія выхоўваюць дзіця да сямі гадоў або ў якіх трое і больш непаўналетніх дзяцей. Каб не лічыцца “дармаедамі”, цяпер трэба фактычна пражываць у Беларусі - гэта значыць знаходзіцца за межамі краіны не больш за 30 дзён на працягу аднаго квартала (як і ў выпадку з агароднікамі). Выключэнне - выезд за мяжу на лячэнне або аздараўленне.
Агароднікаў і садаводаў не ўключаюць у базу "утрыманцаў" (калі толькі яны не выязджаюць за мяжу больш чым на 30 дзён на працягу аднаго квартала), як і студэнтаў, якія навучаюцца ў Беларусі.
А што да працоўных у ЕАЭС, усялякая занятасць у гэтых краінах вызваляла ад “дармаедства”. Але з 1 лютага 2024 года - толькі праца паводле працоўнай дамовы або кантракту.