«Мы не калонія!»: Лаўроў патрапіў у скандал ва Узбекістане
18- 25.04.2025, 13:17
- 31,410

Расейскаму міністру ўказалі на яго месца.
Рэктар узбекістанскага Універсітэта журналістыкі і масавых камунікацый Шэрзадхон Кудрадхаджа выказаўся ў адказ на заяву кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова наконт адсутнасці надпісу на расейскай мове на мемарыяле «Маці, якая смуткуе» ў Самаркандзе, піша сайт kursiv.media.
Раней Лаўроў падчас наведвання мемарыяла звярнуў увагу на тое, што словы, прысвечаныя загінулым салдатам на мемарыяле, напісаныя на ўзбекскай і ангельскай мовах. Кіраўнік МЗС РФ пацікавіўся, чаму адсутнічае надпіс на расейскай.
На думку рэктара, кожная краіна мае суверэннае права самастойна вызначаць моўную палітыку ў стаўленні да помнікаў і гістарычных аб'ектаў. Ён падкрэсліў, што такія заўвагі з боку высокапастаўленых прадстаўнікоў іншых дзяржаў выглядаюць некарэктна.
«Няправільна, што міністр замежных спраў іншай краіны падчас прыезду з-за мяжы, крытыкуе нас. Бо мы не іх калонія!» — заявіў Кудратхаджа.
Ён таксама дадаў, што ў выпадку, калі такія тэмы ўзнімаюцца, Узбекістан мае права звярнуць увагу на праблемы, з якімі сутыкаюцца яго грамадзяне ў Расеі, дарэчы, на парушэнні правоў працоўных мігрантаў.
«Чаму нашых мігрантаў у Расеі часта дыскрымінуюць? Чаму, калі іхнія правы парушаюцца прадстаўнікамі ўладаў ці паліцыі, ніхто з чыноўнікаў не рэагуе? Калі спадар Лаўроў кажа пра святасць выявы маці, спасылаючыся на мову надпісу, мы маем права нагадаць яму, што правы чалавека - не менш святыя», - рэзюмаваў рэктар.