Залужны: Гэта новы тып вайны
24- 25.04.2025, 16:17
- 28,134

Экс-гетман УСУ заявіў аб выкліку для ўсяго заходняга свету.
Былы гетман УСУ, а цяпер пасол Украіны ў Вялікай Брытаніі Валерый Залужны на Форуме абаронных тэхналогій Украіна – Вялікая Брытанія распавёў аб тым, як спосабы вядзення вайны змяніліся за час расейска-ўкраінскага супрацьстаяння. Яго выступ прыводзіць «Украінская праўда»:
- Мы жывем у часы глабальных змен. Прычына гэтаму - цэлы шэраг фактараў, якія выявіліся ў XXI стагоддзі. Асабліва - вайна ва Украіне, якая стала не толькі самым крывавым актам гвалту ў Еўропе, але і рухавіком многіх працэсаў, якія прывялі да змены сусветнага парадку. Гэтая змена ўжо адбылася. І гэта не залежыць ад таго, хочуць сучасныя палітыкі гэта бачыць ці не.
Па-другое, у свеце, які ўжо змяніўся і працягвае мяняцца насуперак жаданню палітыкаў, змянілася і сусветная сістэма бяспекі. Яна трансфармавалася не толькі таму, што мяняецца геапалітычная прастора, але і таму, што праз вайну ва Украіне змянілася і сіла, на якой трымалася гэтая сістэма бяспекі.
Мусіце вы ў гэта верыць ці не, ёсць у вас кантракты на танкі і верталёты на наступныя 10 гадоў ці толькі плануеце іх падпісаць - прырода вайсковай сілы ўжо змянілася. Вельмі шкада, што гэта добра разумеюць ва Украіне, Расеі, Кітаі, але зусім не разумеюць у іншых месцах. У якіх менавіта - сёння казаць не буду. Гэта ўжо не мае значэння.
Такім чынам, казаць мы будзем пра сучасныя вайсковыя тэхналогіі. Каму яны будуць патрэбныя, акрамя Украіны, відавочна, будуць вызначаць палітыкі. Я толькі абазначу, што яны сабой уяўляюць і як працуюць.
Хацеў бы таксама адзначыць, што найбольш актуальныя яны зараз для развіцця абаронных здольнасцей менавіта Еўропы. Найперш праз перафарматаванне еўраатлантычнай бяспечнай прасторы.
Аб тэхналогіях
Расейска-ўкраінская вайна цалкам змяніла характар вайны. Аднойчы раніцай улетку 2023 года, калі ўкраінскія войскі, выкарыстоўваючы даступныя дактрыны і наяўную зброю, метр за метрам прасоўваліся скрозь варожыя абарончыя лініі, у небе з'явіліся дроны ў маштабе, які прывёў да трансфармацыі ўсёй архітэктуры бою.
Выведвальныя, ударныя дроны, дроны, якія абслугоўваюць агонь артылерыі, аб'яднаныя сістэмай сітуацыйнай дасведчанасці, зрабілі поле бою абсалютна празрыстым. Усё гэта дало неабмежаваныя магчымасці для нанясення высокадакладных удараў на тактычным узроўні.
Паступова, як і Першая сусветная вайна, гэтая вайна зайшла ў тупік. Ужо зусім хутка, у 2024 годзе, бурны навукова-тэхнічны прагрэс прывёў да сітуацыі, калі дронамі знішчаліся цэлі не толькі перад пярэднім краем, але і ў аператыўнай глыбіні. Гэта зрабіла немагчымым знаходжанне рознай тэхнікі, агнявых сродкаў, рэзерваў нават за межамі пярэдняга краю.
Высокадакладныя ўдары па лагістычных шляхах сталі сёння абсалютна штодзённай з'явай. Больш за тое, такія ўдары ўжо сталі часткай тактыкі выцяснення з пазіцый.
Такім чынам, у выніку абсалютнай празрыстасці перад пярэднім краем утварылася 10-15-кіламетровая зона суцэльнай смерці. Не дзіўна, калі дрон палюе ўжо не за групавой цэллю ці бронетэхнікай, а нават за асобным жаўнерам. Дарэчы, гэтая зона ўвесь час пашыраецца, як і расце імавернасць быць там знішчаным.
Паўтаруся, перш за ўсё - імклівае развіццё сродкаў РЭБ.
Дзякуючы развіццю РЭБ удалося нівеліраваць здольнасці спадарожнікавых тэхналогій, радыё- і GPRS-кіраваных боепрыпасаў наносіць высокадакладныя ўдары на аператыўным узроўні. Эфектыўнасць дарагіх ракет і высокадакладных набояў упала да нуля.
Па-другое, на полі бою з'явілася вялікая колькасць сродкаў візуальнай выведкі і ўдарных дронаў тактычнага і аператыўнага ўзроўню.
Як вынік, тактыка ўжывання і аператыўнае мастацтва сутыкнуліся з істотнымі зменамі.
На аператыўным узроўні вайна агулам зайшла ў тупік. Глыбокія манеўры ці ўдары на аператыўную глыбіню сталі немагчымымі, у значнай ступені праз супрацьстаянне паміж беспілотнымі сістэмамі і сродкамі РЭБ і СПА.
Класічныя наступальныя аперацыі і дзеянні не толькі страцілі эфектыўнасць, але сталі амаль самазабойчымі.
Нават наступальныя дзеянні малых, тэхналагічна насычаных і высокамабільных тактычных груп, шчыльна каардынаваных з сістэмамі сітуацыйнай дасведчанасці, падтрымкі, РЭБ і СПА, сталі неэфектыўнымі.
Такім чынам, упэўнена можна сказаць:
Беспілотныя сістэмы і лічбавыя тэхналогіі змянілі сутнасць вайны.
Бранятанкавая тэхніка стала безабароннай перад таннымі дронамі.
Высокадакладная зброя з GPRS-навігацыяй страціла эфектыўнасць праз РЭБ.
СПА перажывае найбольшую трансфармацыю праз з'яўленне масавых танных дронаў.
Авіяцыя страціла магчымасць дамінаваць над полем бою.
Марская прастора кантралюецца марскімі дронамі.
І ўсё гэта патрабуе поўнага пераасэнсавання тактыкі, стратэгіі, вайсковай дактрыны і абароннага планавання.
Колькі на гэта спатрэбіцца часу, шаноўныя прысутныя, я не ведаю. Думаю, што для нашых ворагаў гэты працэс зойме не больш за тры гады, а з улікам маштабавання - пяць.
Відавочна, што перамога на полі бою зараз цалкам залежыць ад здольнасці апярэджваць супраціўніка ў тэхналагічным развіцці.
Вельмі важна, каб змены адбываліся менавіта ў ланцужку «навука (распрацоўка) - вытворчасць - выкарыстанне». Менавіта ад эфектыўнай узаемасувязі паміж гэтымі звёнамі будзе залежаць інавацыйнае развіццё.
Вытворцы павінны быць гнуткімі і адаптыўнымі, гатовымі ў кожны момант уносіць змены ў свае апаратныя пастановы. Калі гэтыя пастановы будуць зарэгуляваныя дзяржаўнай бюракратыяй або карупцыйнымі інтарэсамі, ланцуг абарвецца, і супраціўнік апынецца наперадзе.
Таму трэба быць гатовымі дапрацоўваць вырабы да ўмоў ужывання на полі бою.
Безумоўна, неабходна звярнуць увагу на:
1. Развіццё тэхналогій штучнага інтэлекту і машыннага навучання.
Відавочна, што хуткасць укаранення тэхналогій ШІ на полі бою, асабліва ў сферах выведкі, планавання, кіравання, агнявой паразы, а таксама аўтаномных баявых сістэм (без удзелу чалавека), будзе забяспечваць якасную і колькасную перавагу.
2. Развязанні ў сферы РЭБ.
Яны з'яўляюцца амаль найважнейшымі, бо неабходна вырашыць дзве ключавыя задачы: стварыць лічбавае поле для ўжывання і абараніць яго ад уздзеяння супраціўніка. Гэта, вядома ж, пошук новых тэхналогій сувязі, напрыклад, кагнітыўнага радыё. Такія распрацоўкі ўжо існуюць. Таксама важны пошук новых спосабаў навігацыі і данавядзення. Неабходна распрацоўваць новыя метады перадачы звестак, якія выходзяць за межы радыёчастотнага спектра.
3. Развіццё танных высокадакладных беспілотных сістэм вялікай далёкасці.
Гэта неабходна для павелічэння здольнасцяў сістэматычнага разбурэння інфраструктуры супраціўніка, знясілення яго СПА і правядзення камбінаваных нападаў па важных аб'ектах.
4. Развіццё і вытворчасць дронаў (робатаў) як складніку асноўных баявых здольнасцяў.
Расейска-ўкраінская вайна дала важны ўрок: вайна, якая прадугледжвае абмен чалавечых жыццяў на тактычныя поспехі, больш недаступная. Чалавек у сучасным баі - гэта дарагі рэсурс, які нельга аднавіць. Менавіта тэхналогіі дазваляюць захаваць баявую эфектыўнасць пры радыкальным зніжэнні страт.
Такім чынам, неабходна развіваць:
ударныя дроны, якія давялі сваю выключную эфектыўнасць, асабліва ва ўмовах дэфіцыту артылерыйскіх боепрыпасаў;
выведвальныя дроны;
зенітныя дроны;
наземныя беспілотныя сістэмы;
універсальныя баявыя платформы;
марскія беспілотныя сістэмы.
Мірныя тэхналогіі ці тэхналогіі падвойнага прызначэння дасягнулі такога ўзроўню складанасці, што сёння яны складаюць аснову баявых здольнасцяў.
Сярод іх:
- Выкарыстанне камерцыйных спадарожнікавых сістэм у інтарэсах выведкі;
- выкарыстанне 3D-друку для хуткай вытворчасці запасных частак і кампанентаў вайсковай тэхнікі ва «ўмоўна саматужных» умовах;
- Выкарыстанне сацыяльных сетак для збору выведвальных звестак;
- стварэнне імправізаваных сістэм РЭБ з камерцыйна даступных кампанентаў для глушэння сувязі і кіравання дронамі супраціўніка;
- Выкарыстанне мірных мэсэнджараў са скразным шыфраваннем для абмену звесткамі;
- Выкарыстанне хмарных развязанняў.
Дарэчы, менавіта гэта ўжо зараз дазваляе невялікім гульцам з абмежаванымі рэсурсамі - асобным краінам, ведамствам і нават падраздзяленням - дасягаць уражальных вынікаў з дапамогай адносна танных асіметрычных развязанняў.
Як выснова, рэвалюцыя вайсковых тэхналогій на аснове беспілотных сістэм і штучнага інтэлекту цалкам змяніла прыроду вайны і працягвае развівацца. А значыць, хуткасць укаранення інавацый наўпрост павялічвае здольнасць дзяржавы дасягнуць перамогі ў вайне.
Магчыма, у будучай высокатэхналагічнай вайне пераможа той, хто зможа хутчэй адаптавацца да тэхналагічных умоў поля бою. Бок, які першым сістэмна і якасна ажыццявіць пераход на новы вайскова-тэхналагічны ўзровень, атрымае безумоўную стратэгічную перавагу і навяжа сваю волю другому боку.
Пакуль у супраціўніка ёсць рэсурсы, сілы і сродкі для нанясення ўдараў па нашай тэрыторыі, спроб наступальных дзеянняў - ён будзе гэта рабіць. Гэта і ёсць вайна на знясіленне.
Гэтаму таксама садзейнічае геапалітычная сітуацыя сёння. Бо ніхто не можа зараз супраціўніку ў гэтым перашкодзіць.
Пакласці канец гэтаму можа толькі поўнае знішчэнне здольнасці весці вайну - гэта значыць, вайскова-эканамічнага патэнцыялу. Разбурэнне апошняга, вядома, ставіць пад сумнеў нават знаходжанне акупацыйных войск на акупаванай тэрыторыі.
У кожным выпадку архітэктура стратэгіі выжывання і перамогі на сённяшнім этапе магчымая толькі праз будаўніцтва новай вайскова-тэхналагічнай сістэмы. Усё гэта неабходна зрабіць у рамках існага тэхналагічнага цыклу, які можа доўжыцца не больш за 3-5 гадоў.
На міжнароднай арэне выхад з сітуацыі, аб якой мы сёння гаворым, палягае не толькі ў адаптацыі да новых выклікаў, але і ў фармаванні новай глабальнай бяспечнай рэальнасці, да якой Украіна ўжо далучылася як раўнапраўны і актыўны ўдзельнік.
Украіна больш не з'яўляецца проста аб'ектам падтрымкі - мы сталі крыніцай досведу, тэхналогій і развязанняў, якія маюць стратэгічнае значэнне для ўсяго цывілізаванага свету.
Гэта не толькі пытанне падтрымкі Украіны - гэта пытанне супольнай гатоўнасці да новай эпохі вайны, дзе дамінуюць тэхналогіі, інфармацыя і аўтаматызацыя развязанняў.
Украінскі досвед стаў унікальным - мы першымі былі вымушаныя перабудоўваць войска, прамысловасць і стратэгію ў адказ на выклікі, якія іншыя толькі пачынаюць усведамляць.
Гэтыя выклікі - не толькі для Украіны. Гэта выклікі для ўсіх.
Сусветная бяспека больш не трымаецца на старых гарантыях - яна будуецца на дынаміцы, тэхналогіях і гатоўнасці мяняцца.
Мы зрабілі свой выбар і плацім за яго высокі кошт штодня, але ў абмен атрымалі шанец на выжыванне. І мы запрашаем вас зрабіць гэты выбар разам з намі.
Каб не толькі выжыць, але і перамагчы. І не толькі сёння, але і ва ўсім, што чакае наперадзе.