Расея пачала закупляць бульбу ў Кітаі
11- 25.04.2025, 18:50
- 3,464

РФ сутыкнулася з рэзкім падзеннем ураджаю і ўзлётам коштаў амаль на 200%.
Расея пачала буйныя закупкі бульбы ў Кітаі, каб напоўніць унутраны рынак, які сутыкнуўся з рэзкім падзеннем ураджаю і ўзлётам коштаў амаль на 200% за апошнія паўтара года.
За першы квартал КНР экспартавала ў РФ бульбы на $10,955 млн, паведамляе "Інтэрфакс" са спасылкай на звесткі кітайскай мытні. Годам раней, паводле статыстыкі, пастаўкі бульбы з Кітая былі нікчэмнымі і ацэньваліся $432,9 тысячы за студзень–сакавік. У гадавым вылічэнні, такім чынам, закупкі павялічыліся ў 25 разоў. Пры гэтым у студзені і лютым імпарт кітайскай бульбы ўзляцеў у 160 разоў, а ў сакавіку - у 15 разоў.
Летась пасля засух і замаразкаў бульбяны ўраджай сельгаспрадпрыемстваў і фермерскіх гаспадарак у Расеі ўпаў на 15%, да 7,3 млн тон. Гэтага аб'ёму ледзь стае, каб забяспечыць унутранае спажыванне, якое, паводле ацэнак бульбянага звзяу, складае 7,5-8 млн тон на год.
Як вынік: кошты на бульбу ўзляцелі на 90% за мінулы год і 45% - з пачатку бягучага. Аптовы кошт бульбы для гандлёвых сетак да пачатку красавіка падскочыў на 285,5% у гадавым выражэнні - з 11,4 да 42,4 рубля за кілаграм (без ПДВ), са звестак “АБ Цэнтра”.
Каб затармазіць рост коштаў, урад з пачатку года дазволіў без мыт увозіць у Расею імпартную бульбу: першапачаткова квота, разлічаная на тэрмін да 31 ліпеня, складала 150 тысяч тон. У чацвер, 24 красавіка, Мінсельгас паведаміў, што плануе павялічыць яе ўдвая - да 300 тысяч тон.
"Гэтая мера дасць магчымасць поўнасцю закрыць унутраныя патрэбв да паступлення новага ўраджаю і спрыяльна адаб'ецца на цэнавай сітуацыі", - адзначалі ў Мінсельгасе.