Зяленскі: Украіна чакае ад ЗША моцных гарантый бяспекі, як у Ізраіля
- 25.04.2025, 21:52
- 2,294

Гарантыі неабходныя на сушы, у паветры і на моры.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна чакае, што гарантыі бяспекі ад ЗША будуць такімі моцнымі, як у Ізраіля.
Пра гэта ўкраінскі прэзідэнт сказаў журналістам у пятніцу, яго цытуе «Інтэрфакс-Украіна».
Зяленскі таксама звярнуў увагу на патрэбу Украіны ў сістэмах супрацьпаветранай абароны Patriot.
«Ёсць пытанне, якое я абмяркоўваю... датычна гарантый бяспекі ад Злучаных Штатаў Амерыкі. Мы вельмі хочам, каб яны былі моцныя, як мінімум, як у Ізраіля», – адзначыў ён.
Акрамя таго, паводле ягоных словаў, Украіна чакае ваеннага кантынгенту ад еўрапейскіх партнёраў.
У той самы час Зяленскі дадаў, што магчымае размяшчэнне еўрапейскага кантынгенту запатрабуе падтрымкі ЗША.
Ён зазначыў, што гэтая падтрымка не абавязкова павінна заключацца ў прысутнасці на ўкраінскай тэрыторыі.
«Я ведаю, што не вельмі станоўча на гэта глядзяць Злучаныя Штаты Амерыкі, таму мы гаворым пра працу выведак, мы гаворым пра кіберабарону, мы гаворым перш за ўсё пра сістэмы супрацьпаветранай абароны Patriot», – падкрэсліў Зяленскі.
Ён таксама дадаў, што гарантыі бяспекі неабходныя на сушы, у паветры і на моры.