CNN: Украіна і ЗША маюць сур'ёзныя рознагалоссі ў ключавых умовах мірнага пагаднення
1- 26.04.2025, 10:13
- 3,374

Контрпрапановы Кіева падпісалі таксама Францыя, Вялікая Брытанія і Нямеччына.
Украіна і ЗША зараз маюць сур'ёзныя рознагалоссі што да ўмоў будучага мірнага пагаднення з Расеяй. Дарэчы, гэта датычыцца гарантый бяспекі для Украіны і пазіцыі ЗША наконт прызнання Крыма расейскім.
Пра гэта выданню CNN заявіла крыніца, блізкая да ўкраінскага ўрада, якая азнаёмілася з абодвума варыянтамі пагаднення.
Са слоў крыніцы, ЗША і Украіна маюць супрацьлеглыя пазіцыі па ключавых аспектах будучага рамачнага пагаднення аб спыненні вайны.
Украіна патрабуе гарантый бяспекі не толькі ад Еўропы, але і ад ЗША, у той час як першапачатковы амерыканскі варыянт прадугледжваў, што надзейныя гарантыі бяспекі будуць паступаць толькі ад Еўропы.
Украіна таксама намагае на абмеркаванні пытання ўтрымання Расеяй тэрыторый, захопленых з моманту ўварвання ў 2022 годзе, пасля спынення агню.
Контрпрапанова Украіны, якую падпісалі таксама Францыя, Вялікая Брытанія і Нямеччына, была перададзеная прадстаўніку Дональда Трампа ва ўкраінскім пытанні - Кіту Келагу. Яна прадугледжвае першачарговае і безумоўнае спыненне агню з двух бакоў, што з'яўляецца галоўным патрабаваннем Кіева перад пачаткам усякіх іншых дзеянняў.
«У той жа час Украіна цалкам пагадзілася з шэрагам раздзелаў першапачатковага амерыканскага плана, напрыклад: паступовым зняццем санкцый супраць Расеі, уведзеных з 2014 года, пасля рэалізацыі мірнага плана; адмовай Украіны ад уступлення ў NATO; замарожваннем лініі фронту; вяртаннем кантролю над тэрыторыяй вакол Запарожскай атамнай электрастанцыі».
Хаця рознагалоссі застаюцца, крокі, зробленыя Украінай для эфектыўнага ўдзелу ў перамовах, з'яўляюцца істотнымі, адзначылі ўкраінскія чыноўнікі.
«Той факт, што Украіна гатовая казаць аб тэрыторыях - гэта вялізны крок. Але калі Трамп не ўважае гэта за значную саступку, то гэта праблема», - сказала крыніца.