27 красавiка 2025, Нядзеля, 5:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пасмяротны цуд Папы Францішка

2
Пасмяротны цуд Папы Францішка

Беларускі і ўкраінскі святары адказалі на крытыку пантыфіка.

Каталіцкія святары з Беларусі і Украіны падчас трансляцыі на «Белсаце» цырымоніі пахавання Папы Рымскага Францыска ў Ватыкане адказалі на крытыку на яго адрас з боку тых, хто чакаў ад яго большай падтрымкі.

Беларускі каталіцкі святар Зміцер Прыступа, які служыць у вымушанай эміграцыі ў польскай Лодзі, заявіў, што Папа запомніцца найбольш жывым Евангеллем, якое ён «імкнуўся ўсім сваім жыццём выконваць». Хаця свет гэтага не разумеў.

"Мне здаецца, калі б мы выконвалі ва ўсім свеце тое, што загадваў Святы Айцец Францішак у духу Евангелля, то вялікі плён мы бачылі б таксама ва ўсім свеце", – адзначыў святар.

З ягоных слоў, "вельмі цяжкія часы", з якімі зараз сутыкаецца Беларусь, - гэта таксама заклік "вярнуцца да каранёў", жыць "чыстым Евангеллем", а не павярхоўным. Жыць, прымаючы пакуты і боль.

На заўвагі аб магчымай недастатковай рэакцыі папы Францішка на рэпрэсіі ў Беларусі, святар адзначыў, што мы не ведаем зместу і абставінаў закрытых перамоў паміж Ватыканам і Менскам.

"Перакананы, што яны ведаюць, што робяць. А калі маўчаць, то ведаюць, чаму маўчаць", - сказаў ксёндз Зміцер.

«Папа любіў Украіну»

Украінскі каталіцкі святар Аляксей Самсонаў, дырэктар украінскага "Радыё Марыя", у сваю чаргу адзначыў, што Папа Францішак, нягледзячы на ​​ўсе непаразуменні, "быў сябрам Украіны, ён любіў Украіну".

«Тры гады кожны публічны выступ ён маліўся за Украіну», - сказаў святар.

Цудам папы Францішка ён назваў сустрэчу ў Ватыкане падчас цырымоніі развітання з пантыфікам прэзідэнтаў ЗША і Украіны - Дональда Трампа і Уладзіміра Зяленскага. "Магчыма, будзе таксама цуд, калі Папа дапаможа дамовіцца", - адзначыў ксёндз Аляксей, дадаўшы, што цяпер Украіна будзе мець папу Францішка ў якасці свайго апекуна і ў небе.

Тым не менш, святар прызнаў, што ўкраінцам было цяжка разумець неадназначныя заявы пантыфіка, бо яны чакалі ад яго дакладнага і афіцыйнага асуджэння Расеі як агрэсара. З ягоных слоў, Папа разумеў гэта, як і тое, хто быў агрэсарам, але вымушаны быў прытрымлівацца больш дыпламатычнага падыходу. У тым ліку гэта садзейнічала ўдзелу Ватыкана ў абмене палоннымі паміж Украінай і Расеяй. На думку святара, у будучыні можа стаць вядома яшчэ больш аб падтрымцы памерлым папам Украіны.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках