Раскрыта таемная «місія» ліквідаванага ў РФ генерала Маскаліка
17- 27.04.2025, 8:37
- 24,406

Ён стаяў ля вытокаў шматлікіх вайсковых злачынстваў.
Ліквідаваны ў Расеі генерал Яраслаў Маскалік займаўся рэгулярным планаваннем, каардынацыяй і падрыхтоўкай справаздачнасці па ўдарах па Украіне з ужываннем ракет і дронаў.
Пра гэта распавёў вайсковы аглядальнік, каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў», палкоўнік УСУ Канстанцін Машавец у Facebook. З яго слоў, ён вырашаў «такія далікатныя пытанні, як выбар цэлі, аргументацыя мэтазгоднасці яе знішчэння, дэталёвае планаванне і назначэнне адпаведных сіл і сродкаў».
Менавіта гэты генерал стаяў «ля вытокаў» удараў РФ па Крывым Рогу, Сумах, Кіеве, Харкаве і іншых украінскіх гарадах, кажа Машавец:
«З яго, фактычна, пачыналася тое, што потым абарочвалася ўдарамі «шахедамі», крылатымі і балістычнымі ракетамі па шчыльна заселеных кварталах мірных украінскіх гарадоў».
Са слоў аглядальніка, фатальная для Маскаліка «сустрэча» з аўтамабілем з выбухоўкай не была ні выпадковай, ні абумоўленай «унутраным расейскім фактарам».
«Гэта «тулава» ў лампасах дакладна і гарантавана ведала і ўсведамляла, што рабіла і якое дачыненне мела да забойства цывільнага насельніцтва Украіны, у тым ліку дзяцей, ва ўкраінскіх гарадах», – прадоўжыў ён.
Акрамя таго, гэты генерал разглядаўся як кандыдат на пасаду кіраўніка так званага «Нацыянальнага цэнтра ўправы абароны РФ», кажа палкоўнік. Гэта структура прызначаная ў тым ліку для кіравання рознымі ведамаснымі і кааліцыйнымі групоўкамі войск.
«Як па мне, цалкам «законная» і легітымная цэль. Прычым, відавочна і вельмі імаверна, як першачарговая і прыярытэтная для знішчэння ўкраінскімі спецыяльнымі службамі. Мабыць, і сам гэты генерал разумеў, што рана ці позна, масавыя забойствы мірнага насельніцтва Украіны, якія ажыццяўляюцца менавіта з ягонай «падачы», скончацца для яго менавіта такога кшталту «сустрэчай», - рэзюмаваў Канстанцін Машавец.