Абраны пераемнік кіраўніка Палестынскай аўтаноміі
- 27.04.2025, 11:39
- 3,772

Чым ён вядомы?
Выканаўчы камітэт АВП увечары 26 красавіка прызначыў намесніка старшыні Палестынскай аўтаноміі Абу Мазена. Ім стаў даўні паплечнік Абу Мазэна - 65-гадовы Хусэйн аш-Шэйх, пішуць «Детали».
Перад гэтым, 24 красавіка, Выканаўчы камітэт АВП (Арганізацыя вызвалення Палестыны - аб'яднанне палестынскіх фракцый, кантраляванае ФАТХ і Абу Мазэнам) пастанавіў аднавіць пасаду намесніка старшыні. Паводле вызначэння палестынцаў, гэты чалавек уважаецца таксама за «віцэ-прэзідэнта Дзяржавы Палестына».
Фактычна, 89-гадовы Абу Мазэн афіцыйна абвясціў Хусэйна аш-Шэйха сваім пераемнікам. Расказваем, што вядома пра гэтага чалавека.
Поўнае імя новага намесніка - Хусэйн Шахада Мухамад аш-Шэйх. Сёлета ў снежні яму споўніцца 65 гадоў. Ён уважаецца за аднаго з найбліжэйшых паплечнікаў Абу Мазэна. З траўня 2022 года і дагэтуль ён займаў пасаду генеральнага сакратара Выканаўчага камітэта АВП.
Таксама да апошніх месяцаў ён узначальваў Управу ў цывільных пытаннях пры Палестынскай аўтаноміі. На гэтай пасадзе ён быў асноўным сувязным звяном паміж Палестынскай аўтаноміяй і Ізраілем, асабліва ў кантактах з Каардынатарам урадавых дзеянняў на тэрыторыях.
Менавіта таму частка палестынцаў разглядае яго, у першую чаргу, як сімвал супрацоўніцтва з Ізраілем - калі не «дапамогі» Ізраілю. Аднак у мінулым Хусэйн аш-Шэйх правёў у ізраільскай турме дзесяць гадоў - з 1978 да 1988 года.