27 красавiка 2025, Нядзеля, 23:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Telegraph: Спыненне агню ва Украіне блізка, але гэта яшчэ не перамога

4
The Telegraph: Спыненне агню ва Украіне блізка, але гэта яшчэ не перамога

Перамовы выходзяць на новы этап.

Упершыню з моманту сустрэчы ў Белым доме прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп правялі 15-хвілінную гутарку на пахаванні Папы Рымскага Францішка. Абодва лідары ахарактарызавалі размову як прадуктыўную, а Зяленскі назваў яе патэнцыйна «гістарычнай», выказаўшы надзею на «поўнае і безумоўнае спыненне агню».

Аб тым, да якіх вынікаў можа прывесці сустрэча прэзідэнтаў ЗША і Украіны, і чаго чакаць ад магчымых мірных перамоў, гаворыцца ў матэрыяле The Telegraph.

Аўтар артыкула брытанскі палкоўнік і вайсковы эксперт Рычард Кемп піша, што мяркуючы з заяў бакоў, мірныя перамовы паміж Украінай і Расеяй выходзяць на новы этап. Трамп адзначыў, што большасць асноўных пунктаў пагаднення ўжо ўзгодненыя, а абодва бакі гатовы да сустрэчы на вышэйшым узроўні для заканчэння працэсу. Калі гэта сапраўды так, мір можа стаць бліжэйшым, чым калі-небудзь з пачатку расейскага ўварвання ў 2022 годзе.

Кошт міру: цяжкія кампрамісы для Кіева

Аднак перспектыва міру спалучаная з цяжкімі кампрамісамі для Украіны. Чакаецца, што ўмовы перамоў могуць уключаць прызнанне страты тэрыторый, якія знаходзяцца пад кантролем Расеі, што паставіць Кіеў перад цяжкім выбарам паміж прадаўжэннем барацьбы і цяжкім мірам.

У той жа час, калі ўкраінскае кіраўніцтва наважыцца прадоўжыць ваенныя дзеянні, з вялікай імавернасцю Расея можа перамагчы ў кампаніі на знясіленне. Пры гэтым Трамп, роўна як і еўрапейскія хаўруснікі не стануць непасрэдна ўмешвацца ў вайну.

«Нягледзячы на незвычайны гераізм украінскіх жаўнераў на полі бою і зброевую прамысловасць Кіева, якая бурна развіваецца, асабліва ў сферы вытворчасці беспілотнікаў, краіна не ў стане вечна стаяць у адзіноце», - мяркуе Кемп.

Расея, мяркуючы з усяго, гатова разглядаць мірныя прапановы, асабліва на фоне эканамічнага націску і новых санкцыйных пагроз. Для Пуціна пагадненне можа быць паднесенае як перамога, што ўмацуе яго пазіцыі ўнутры краіны.

У сваю чаргу для Зяленскага гэта палітычны выклік: прыняцце пагаднення, якое прадугледжвае саступкі, можа падарваць яго пазіцыі ўнутры краіны. А зацяжная вайна без рэальных гарантый заходняй падтрымкі ставіць пад пагрозу само існаванне незалежнай Украіны.

Такім чынам мірныя перамовы становяцца адзіным рэальным варыянтам, але кошт за яго можа стацца высокім.

«Будучыня Украіны і ўсяго Захаду выглядае вельмі змрочным. NATO выявілася папяровым тыграм, як і меркаваў Пуцін. Нягледзячы на 5 Артыкул Альянсу малаімаверна, што краіны вайсковага блока прыйдуць на дапамогу хаўруснікам, адправіўшы сваіх хлопцаў ваяваць, асабліва ва Усходняй Еўропе, дзе Пуцін, хутчэй за ўсё, нанясе новы ўдар», - падсумаваў эксперт.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках