«На зямлі ўсё выглядае інакш»: прапагандысты адпрэчылі хлусню Пуціна
1- 27.04.2025, 13:30
- 4,992

Баі ў Курскай вобласці прадаўжаюцца дагэтуль.
Вайсковае камандаванне РФ і дыктатар Уладзімір Пуцін заўчасна абвясцілі аб выцісканні ўкраінскіх сіл з Курскай вобласці. Баі там працягваюцца дагэтуль.
Гэта паведаміў расейскі Z-рэсурс «Северный канал», звязаны з УС РФ, паведамляе Dialog.UA.
Фактычна Z-канал абвінаваціў Пуціна і Мінабароны РФ у хлусні з нагоды Куршчыны.
«На зямлі сітуацыя выглядае інакш. Баі ў раёне Гуева, Горналі і Алешні працягваюцца. Праціўнік надае супраціў, і казаць аб поўным кантролі пакуль рана», - паведаміў «Северный канал».
Ён удакладніў, што праблемы ва УС Расеі і ў Белгародскай вобласці. Там у прыграніччы таксама працягваюцца баі.
«Супраціўнік працягвае сцягваць рэзервы да мяжы, відавочна, рыхтуючыся да новых нападаў», - дадаў Z-канал.
Пуцін заявіў аб поўным «вызваленні» Курскай вобласці ў суботу, 26 красавіка. Генштаб УСУ тут жа зняпраўдзіў гэтую заяву, назваўшы словы расейскага дыктатара «прапагандысцкім вывертам» і спробай «выдаць жаданае за сапраўднае».
OSINT-праект DeepState таксама адзначае на раніцу 27 красавіка прысутнасць украінскіх сіл у прымежжы Курскай вобласці. Паводле яго звестак, УСУ кантралююць амаль 20 кв. км расейскай тэрыторыі, яшчэ прыкладна такія ж па велічыні тэрыторыі з'яўляюцца «шэрай» зонай баявых дзеянняў.
