Улады Казахстана забаранілі праводзіць шэсці ў гонар 9 траўня
14- 27.04.2025, 15:45
- 12,964

Усе спробы абысці забарону будуць расцэньвацца як несанкцыянаваны мітынг.
У гарадах Казахстана не дазволілі праводзіць на 9 траўня шэсці, аналагічныя расейскаму «Несмяротнаму палку», паведамляе «Настоящее время». У тым ліку ўзгадніць мерапрыемства адмовіўся акімат Алматы — найбуйнейшага горада краіны. А ў Паўладары і Петрапаўлаўску, дзе вялікая доля расейскамоўнага насельніцтва, улады прапанавалі перанесці акцыю ў інтэрнэт і размясціць фатаграфіі франтавікоў на спецыяльных LED-экранах. Афіцыйная прычына - адсутнасць свабодных пляцовак. Усе спробы абысці забарону будуць расцэньвацца як несанкцыянаваны мітынг і могуць пацягнуць затрыманні, штрафы ці арышт, папярэджваюць чыноўнікі.
На гэтым фоне грамадскія дзеячы, якія хацелі правесці дэманстрацыю ў Алматы, запісалі зварот да прэзідэнта рэспублікі Касым-Жамарта Такаева са сцягам СССР. «Мы, спадкаемцы пераможцаў, жадаем правядзення шэсця „Несмяротны полк“, аналаг якога называецца ў Казахстане „Батырларга тагзым“ („Паклонімся героям“), па вуліцах Алматы ў дзень вялікай перамогі 9 траўня…Мы звяртаемся да прэзідэнта і да ўсіх уладаў на месцах для таго, каб нам дазволілі праявіць гэтыя патрыятычныя пачуцці», - адзначаюць аўтары відэа. Яны называюць чыноўнікаў акімата «антыдарадчыкамі» і папярэджваюць, што акцыя адбудзецца, нават калі яе не ўзгадняць.
У Талдыкаргане, Кізілордзе, Туркестане, Уральску, Атырау і Кастанаі шэсце на 80-годдзе перамогі праводзіць не плануюць. Аналагічная сітуацыя ў сталіцы Казахстана. Акім Астаны Жэніс Касымбек заявіў на пытанне Orda, што ўпершыню чуе пра тое, што нехта збіраецца арганізоўваць «Несмяротны полк», і нагадаў, што 7 траўня, пасля шматгадовай паўзы, у горадзе адбудзецца вайсковы парад з авіяшоў. Тым часам у Петрапаўлаўску з'явіліся людзі, што называюць сябе «валанцёрамі», якія рэкрутуюць казахстанцаў для ўдзелу ў дэманстрацыі за расейскія рублі.
Апошні раз шэсце «Несмяротнага палка» ў казахстанскіх гарадах праводзілася ў 2019 годзе. Затым два гады публічных мерапрыемстваў не было праз пандэмію каранавіруса. А пасля ўварвання Расеі ва Украіну ў 2022 годзе акцыю замянілі на падобную пад назвай «Паклонімся героям» з альтэрнатыўнай георгіеўскім стужачкам нацыянальнай сімволікай. Нягледзячы на гэта, дэманстрацыя выглядала практычна гэтак жа - як праход калоны са сцягамі часоў Другой сусветнай вайны і партрэтамі ветэранаў-казахстанцаў. У 2023 і 2024 гадах улады скасавалі шэсце, спаслаўшыся на «неспакойнае становішча ў свеце», магчымасць правакацый і цяжкую паводкавую сітуацыю ў краіне.
Жыхары Казахстана кажуць, што стаўленне да акцый, якія бяруць пачатак з сучаснай Расеі, змянілася менавіта праз уварванне ва Украіну. «Вайна, безумоўна, уплывае і дэманструе, як часам могуць выкарыстоўвацца прапагандысцкія наратывы. Калі для канцэпта неабходнасці паўтарэння нейкіх падзей, рэваншу і гэтак далей, можна выкарыстоўваць напамін аб нейкім доблесным шляху нашых продкаў», - тлумачыць грамадзянскі актывіст з Алматы Альнур Ільяшаў.
Апытаныя Orda палітолагі таксама звязваюць змены са спробай Казахстана дыстанцыявацца ад асацыяцый з вайной ва Украіне, асабліва з улікам таго, што ў Расеі на «Несмяротны полк» зараз прыносяць партрэты «герояў СВА».