Беларусам перасталі падабацца гарэлка і піва
21- 27.04.2025, 16:14
- 4,800

Продажы моцнага алкаголю ўпалі на 2,6%.
Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі абнародаваў звесткі пра продаж алкаголю за I квартал 2025 года, піша tochka.by.
Паводле інфармацыі Белстата, са студзеня да сакавіка 2024-га ў краіне было рэалізавана 1,9795 млн дал гарэлкі, а за аналагічны перыяд 2025-га гэты паказнік знізіўся да 1,9277 млн дал.
Такім чынам, продажы моцнага алкаголю ўпалі на 2,6%.
Акрамя таго, назіраецца зніжэнне рэалізацыі вінаградных і пладовых вінаў на 2,9 і 7% адпаведна.
Лікёры і лікёра-гарэлачныя вырабы паказалі нязначнае падзенне на 0,2%. Рэалізацыя піва скарацілася на 1,4%, хоць у абсалютных лічбах аб'ём продажаў застаецца высокім – 8,912 млн дал у I квартале 2025-га ў параўнанні з 9,0369 млн дал за той самы перыяд летась.
Сярод станоўчых тэндэнцый выдзяляецца рост продажаў каньяку, каньячных напіткаў і брэндзі, які склаў 8,1 адсотка. Таксама павялічылася рэалізацыя слабаалкагольных напіткаў на 6,7 адсотка, газаваных вінаў і шампанскага на 4,5 адсотка, іншых алкагольных напіткаў на 4,3 адсотка.