28 красавiка 2025, панядзелак, 3:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўніцтва МУС Нямеччыны вывучае шляхі вяртання сірыйцаў дадому

Кіраўніцтва МУС Нямеччыны вывучае шляхі вяртання сірыйцаў дадому
Фота: Sebastian Gollnow/dpa/picture alliance

В.а. міністра ўнутраных справаў ФРГ наведаў Дамаск.

Выканаўца абавязкаў міністра ўнутраных справаў Нямеччыны Нэнсі Фэзэр (Nancy Faeser) і кіраўнік МУС Аўстрыі Герхард Карнер наведалі ў нядзелю, 27 красавіка, сталіцу Сірыі Дамаск. Паводле інфармацыі нямецкага міністэрства, падчас перамоваў з міністрам унутраных справаў новага сірыйскага ўраду Анасам Хасанам Хатабам абмяркоўваліся, у тым ліку, «перспектывы вяртання сірыйскіх бежанцаў у выпадку стабілізацыі і мірнага развіцця Сірыі», паведамляе «Нямецкая хваля».

Як падкрэслівае агенцтва KNA, Нямеччына і Аўстрыя асабліва зацікаўленыя ў тым, каб асабліва небяспечныя злачынцы і ісламісцкія экстрэмісты з сірыйскім грамадзянствам былі як мага хутчэй вернутыя ў сваю краіну. «Гэта павінна быць зроблена, як толькі дазволіць сітуацыя ў Сірыі», – заявіла Нэнсі Фэзэр, якая ў найбліжэйшы час сыходзіць з пасады федэральнай міністаркі ўнутраных справаў.

В.а. кіраўніка МУС ФРГ адзначыла таксама імкненне часткі сірыйцаў пабудаваць кар'еру ў Нямеччыне. «Многія з іх знайшлі працу ў Нямеччыне, вывучылі нямецкую мову і пабудавалі новае жыццё – вядома, яны павінны мець магчымасць застацца. Іншыя вернуцца на радзіму, калі надзея на мір стане рэальнасцю. Пры гэтым у першую чаргу неабходна спрыяць добраахвотнаму вяртанню», – сказала Фэзэр, падкрэсліўшы, што ў ФРГ «значна ўзмацнілі жорсткасць законаў у гэтай галіне».

Паводле звестак нямецкага цэнтральнага рэгістра іншаземцаў, на канец сакавіка 2025 года ў Нямеччыне жыло 968.899 грамадзянаў Сірыі, прынятых ФРГ у асноўным пасля 2015 года, з якіх толькі 1080 былі абавязаныя пакінуць краіну без права на падаўжэнне віду на жыхарства. Блізу 163 тысячаў з іх атрымалі грамадзянства, вынікае са статыстыкі.

Раней МУС ФРГ паведаміла, што з моманту падзення рэжыму клану Асадаў у снежні 2024 года добраахвотна вярнуліся на радзіму ўсяго 464 сірыйцы – пры фінансавай падтрымцы федэральнай установы ў справах міграцыі і бежанцаў. «З усяго відаць, Фэзэр зацікаўленая не толькі ў вяртанні ісламістаў і асабліва небяспечных злачынцаў», – выказала меркаванне агенцтва KNA.

Як адзначаецца, Фэзэр і Карнер яшчэ 26 сакавіка правялі перамовы з урадам Іярданіі, Управай вярхоўнага камісара ААН у справах бежанцаў (UNHCR) і экспертамі ў пытаннях бяспекі і міграцыі ў рэгіёне. Аднак паездка ў Сірыю, якая планавалася на тыя ж дні, была скасаваная праз папярэджанні аб пагрозе тэрактаў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках