На межах Беларусі з ЕЗ – шматкіламетровыя чэргі
2- 27.04.2025, 17:26
- 6,806

Сапраўдны калапс.
Плынь аўтамабіляў на мяжы з Еўразвязам застаецца высокай. Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэта, цяпер уезду чакаюць больш за 4000 легкавых аўтамабіляў, грузавікоў і аўтобусаў.
На памежным пераходзе Цярэспаль – адзіным дзейным для легкавога транспарту паміж Беларуссю і Польшчай – да 14-й 27 красавіка сабралася 1730 машынаў і 100 аўтобусаў.
Нягледзячы на вялікую колькасць, гэта яшчэ не рэкорд: у пачатку студзеня тут фіксаваліся чэргі больш за 2300 легкавушак і больш за сотню аўтобусаў.
У тэматычных чатах карыстальнікі паведамляюць, што час чакання на мяжы для пасажыраў аўтобусаў перавышае 12 гадзінаў. У некаторых выпадках размова ідзе пра затрымку да 19 гадзінаў.
На літоўскай мяжы ля пункта пропуску Мядзінінкай (з боку Беларусі – Каменны Лог) сабралася блізу 100 легкавых аўтамабіляў, у Беняконях – 10 машынаў. Аўтобусных чэргаў на гэтым кірунку няма.
Каля латвійскага пункта пропуску «Патэрніекі» (Грыгараўшчына) чакаюць перасячэння мяжы 30 легкавых аўтамабіляў і 7 аўтобусаў.
Перад літоўскімі памежнымі пераходамі ў Шальчынінкаі і Мядзінінкаі (Беняконі і Каменны Лог) у чэргах стаяць адпаведна 490 і 450 фураў.
Каля польскага пункта пропуску Кукурыкі (з боку Беларусі – Казловічы) чакаюць перасячэння мяжы 655 велікагрузаў.
На латвійскім кірунку ў Патэрніеках сабралася 390 фураў.