Z-каналы аспрэчылі словы Пуціна пра «поўны разгром» УСУ ў Курскай вобласці
2- 27.04.2025, 18:15
- 6,100

Пра баі паведамляе і Генштаб УСУ.
Расейскія праваенныя каналы паведамілі пра прадаўжэнне баёў у Курскай вобласці пасля таго, як Уладзімір Пуцін павіншаваў кіраўніка Генштаба Валерыя Герасімава з «поўным разгромам ворага на курскім памежжы». Паводле паведамленняў Z-блогаў, украінскія вайскоўцы захавалі пазіцыі ў раёне як мінімум трох населеных пунктаў – Атруба Глушкаўскага раёна, Гарналь і Алешня Суджанскага. Пра гэта ж паведаміў і ўкраінскі OSINT-праект DeepState, піша «Агенцтва».
Пра заканчэнне аперацыі «вызвалення Курскай вобласці ад УСУ» Герасімаў даклаў Пуціну 26 красавіка. На відэа, якое распаўсюдзіла Мінабароны РФ, ён заявіў, што «вызвалены ад украінскіх падраздзяленняў апошні населены пункт на тэрыторыі Курскай вобласці – сяло Гарналь». «Такім чынам, закончаны разгром узброеных фармаванняў узброеных сілаў Украіны, якія ўварваліся ў Курскую вобласць», – заявіў кіраўнік Генштаба.
Пуцін у адказ павіншаваў «увесь асабісты склад, усіх байцоў і камандзіраў з гэтым поспехам, з перамогай» і «разгромам неанацысцкіх фармаванняў, якія ўварваліся на расейскую тэрыторыю ў Курскай вобласці».
У той самы дзень ва ўкраінскім Генштабе гэтую інфармацыю аспрэчылі, заявіўшы, што словы Герасімава «не адпавядаюць рэчаіснасці».
«Аператыўная абстаноўка складаная, але нашы падраздзяленні прадаўжаюць утрымліваць пэўныя пазіцыі і выконваюць задачы прызначэння, пры гэтым наносяць праціўніку эфектыўную агнявую паразу з усіх відаў зброі, выкарыстоўваюць у тым ліку тактыку актыўнай абароны», – заявілі ў Генштабе.
Z-каналы ў адказ на словы Герасімава сталі пісаць, што частка тэрыторый рэгіёну застаецца ў шэрай зоне, а частку прадаўжаюць кантраляваць УСУ. «Вораг прысутнічае ля хутара Атруба Глушкаўскага раёна, і прылеглыя да яго тэрыторыі знаходзяцца пад кантролем ворага», – напісаў блогер Юрый Кацянок. Паводле ягоных словаў, таксама «застаюцца невялікія асяродкі супраціву УСУ ў раёне Алешні». Пра баі побач з Алешняй паведаміў і канал «Архангел спецназа».
«Адсвяткуем поўнае вызваленне Курскай вобласці мы дакладна не сёння. Таму што перамога для жыхароў Курскай вобласці – гэта не ператварэнне часткі населеных пунктаў у шэрую зону, куды небяспечна ездзіць, ды і ўвогуле не пускаюць нават, і куды час ад часу прарываецца вораг», – напісаў курскі z-блогер Раман Алёхін.
Вёска Гарналь, пра вызваленне якой паведамляў Герасімаў Пуціну, «вызваленая не поўнасцю», паведаміў Юрый Падаляка. «Яшчэ там ёсць асяродкі супраціву ворага. І гэта можа прадаўжацца тут яшчэ некаторы час», – напісаў Падаляка. Ён дадаў, што «яшчэ няхутка жыхары памежнай Куршчыны (уключаючы Суджу) вернуцца ў свае дамы, бо да лініі фронту адтуль недалёка». «А баі, якія прадаўжаюцца на мяжы і крыху на тэрыторыі Сумшчыны, ідуць вельмі жорсткія», – дадаў Падаляка.
УСУ захавалі прысутнасць «у некалькіх бэльках і ярах ўздоўж мяжы», паведаміў блізкі да Мінабароны канал «Рыбар». «Яны цяжкадаступныя і цяжкапраходныя, а таму ў іх вораг, хутчэй за ўсё, яшчэ нейкі час зможа трымацца нават з улікам сталых артабстрэлаў і ўдараў беспілотнікамі», – гаворыцца ў паведамленні канала.
Блізкі да Мінабароны Украіны OSINT-праект DeepState назваў інфармацыю пра заканчэнне курскай аперацыі расейскім войскам «фэйкам». Паводле звестак праекту, украінскія вайскоўцы захоўваюць кантроль над пазіцыямі вакол сёлаў Гарналь і Алешня. На мапе праекту як кантраляваныя УСУ адрэзкі Курскай вобласці адзначаныя тэрыторыі ля Гарналя і Алешні, а таксама ля хутара Атруба ў Глушкаўскім раёне. Паводле звестак праекту, пад кантролем украінскіх вайскоўцаў застаецца 28 кв. км Курскай вобласці.