«Азоў» узяў у палон расейскіх акупантаў на самакатах і матацыклах
1- 27.04.2025, 21:43
- 4,326

Украінскія ваяры паказалі відэа допыту.
Корпус «Азоў» паказаў відэа допыту трох палонных расейскіх акупантаў, якія спрабавалі штурмаваць пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў на Тарэцкім кірунку на самакатах і матацыклах, піша New Voice.
«“Заехалі” ў палон на самакатах. Допыт акупантаў з Тарэцкага кірунку. Штурмавыя групы расейцаў ужываюць усё, што мае два колы і едзе наперад. Пасля такіх нападаў большасць акупантаў “адпачывае” на полі бою разам са сваёй знішчанай тэхнікай. Гэтым салдатам УС РФ пашанцавала. Яны здаліся ў палон байцам 12-й брыгады спецыяльнага прызначэння “Азоў” і ахвотна расказалі пра свае мота-штурмы», – гаворыцца ў каментары да відэа.
Адзін з палонных з імем Максім Левін расказаў, што надумаў падпісаць кантракт з Мінабароны РФ пасля таго, як выпіў з сябрам і дамовіўся з ім зрабіць гэта разам. Аднак ягоны сябра кантракт падпісваць не стаў.
Яшчэ адзін палонны акупант з імем Даніл Качарын заявіў, што падпісаць кантракт з Мінабароны ў РФ – гэта магчымасць атрымаць іпатэку.
Трэці палонны з імем Уладзімір Астаф'еў заявіў, што падпісаў кантракт з Мінабароны два месяцы таму, атрымаўшы за гэта 1 млн і 900 тысячаў рублёў.
На відэа паведамляецца, што Левіну і Качарыну 20 гадоў, Астаф'еву 27.
Левін і Качарын расказалі, што штурмавалі ўкраінскія пазіцыі на матацыклах і самакатах. Яны апісалі, як падчас штурмаў іх і іншых акупантаў атакавалі ўкраінскія дроны.
Астаф'еў, сярод іншага, расказаў, што пайшоў на штурм у складзе групы з 29 акупантаў, усе яны былі на матацыклах. Расейскі палонны прызнаўся, што ехаць на матацыкле было страшна, бо ён баяўся, што яго заб'юць.
Ён заявіў, што падпісаў кантракт, каб «дапамагчы сваёй сям'і» і што нібыта страляў толькі ўверх па дронах, але не трапіў.