28 красавiка 2025, панядзелак, 15:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Цяперашняя сістэма адукацыі ў Беларусі - гэта не пра веды»

5
«Цяперашняя сістэма адукацыі ў Беларусі - гэта не пра веды»

Каму і навошта патрэбны новыя правілы прыёму ў школы і гімназіі.

У беларускай сістэме адукацыі адбываюцца змены, што ўжо выклікаюць шмат пытанняў і хваляванняў сярод бацькоў і вучняў. Ад перагляду межаў мікрараёнаў да новых правілаў прыёму ў школы і гімназіі. «Белсат» падрабязна вывучыў апошнія змены і высветліў, да чаго яны вядуць.

У 2025 годзе Міністэрства адукацыі істотна змяніла правілы прыёму дзяцей у першыя класы школаў і гімназіяў: нібыта дзеля павышэння празрыстасці і зручнасці працэсу залічэння. Прытым новаўвядзенні закранаюць сем'і ў замацаваных мікрараёнах і тых, хто плануе запісаць дзяцей на свабодныя месцы.

Пераглядзелі межы мікрараёнаў

Да 1 красавіка 2025 года абнавіліся межы мікрараёнаў, замацаваных за адукацыйнымі ўстановамі. На погляд наватараў, гэта дазволіць раўнамерна размеркаваць вучняў паміж школамі і гімназіямі, улічваючы зʼяўленне новых жылых раёнаў і навучальных устаноў.

Стварылі адмысловыя інфармацыйныя раздзелы на сайтах устаноў адукацыі

Да 10 красавіка на афіцыйных сайтах школ і гімназій мусілі зʼявіцца адмысловыя раздзелы «Арганізацыя прыёму ў 1-ыя класы». Там бацькі змогуць знайсці абноўленыя межы мікрараёнаў, замацаваных за канкрэтнай установаю, колькасць месцаў для першакласнікаў, графік працы прыёмнай камісіі, тэлефоны гарачай лініі, а таксама дакладны спіс неабходных для залічэння дакументаў.

Паводле новаўвядзенняў, з 12 чэрвеня пачнуць прымаць дакументы ад дзяцей, якія жывуць у замацаваным мікрараёне. Бацькам неабходна падаць заяву, пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці і медычную даведку ўсталяванага ўзору.

З 12 чэрвеня да 15 жніўня бацькі, якія хочуць скіраваць дзіця ў школу па-за месцам рэгістрацыі, могуць запісацца на прыём да дырэктара абранай установы. Заявы будуць рэгістравацца ў спецыяльным журнале, а інфармацыя пра колькасць пададзеных дакументаў мае штодзённа абнаўляцца на сайце школы.

З 16 да 28 жніўня будуць прымацца дакументы на свабодныя месцы. Залічэнне правядуць у парадку чаргі, сфармаванай на аснове раней пададзеных заяў.

Загады пра залічэнне ў першыя класы будуць выдадзеныя да 31 жніўня.

Увялі больш жорсткія патрабаванні да паводзін вучняў

З 1 верасня 2025 года ў Беларусі ўступаюць у моц новыя правілы прыёму ў гімназіі і старэйшыя класы школ, якія ўжо выклікалі шырокі рэзананс сярод бацькоў і педагогаў: да ўдзелу ў конкурсе на паступленне ў гімназіі не будуць дапускацца вучні, якія маюць нездавальняльную адзнаку за паводзіны па выніках атэстацыі ў год прыёму. Раней улічваліся звесткі толькі за папярэдні год.

Незалежная экспэртка: Цяперашняя сістэма адукацыі ў Беларусі – гэта не пра веды

Дапамагчы высветліць, што насамрэч адбываецца ў беларускай сістэме адукацыі, а таксама – да чаго вядуць апошнія новаўвядзенні, мы папрасілі незалежную экспертку ў галіне кіравання адукацыяй, сябру Камісіі ў справе адукацыі, навукі і грамадскай думкі Каардынацыйнай рады Святлану Мацкевіч.

«Сёння нам падаюць тэрытарыяльнае размеркаванне дзяцей у школы як навіну. Але ж гэта вядомы савецкі прынцып: спрошчанае кіраванне масамі», – тлумачыць экспэртка.

Паводле Мацкевіч, цяпер улады падкрэслена нагадваюць бацькам і грамадству, хто галоўны ў сістэме:

«Уводзіцца новы элемент – дазвол дырэктара. Каб дзіця магло вучыцца не ў сваёй школе, бацькі мусяць звяртацца па дазвол. Гэта робіць з навучальнага працэсу інструмент кантролю: вас ацэняць паводле лаяльнасці, паводзін, прыналежнасці. І прымуць пастанову: вучыцца вам у гэтай школе ці не».

Гэтую сітуацыю экспэртка параўноўвае з савецкім часам, калі для дзяцей партыйных функцыянераў існавалі спецыяльныя школы і асобныя камісіі ў сферы аховы здароўя. Такі прынцып вядзе да ўзмацнення суб’ектывізму, карупцыі і знікнення рэальнага выбару для бацькоў.

Таксама суразмоўца адзначае, што сітуацыя з раўнамерным размеркаваннем педагагічных кадраў – міф:

«Сістэма размеркавання педагогаў па раёнах існавала заўсёды, яна не новая. І менавіта яна стварае праблемы, бо не забяспечвае школы кваліфікаванымі спецыялістамі. Калі бацькі хочуць аддаць дзіця ў «лепшую» школу, але не могуць, гэта пра недавер да якасці ўласнай раённай адукацыі. З паветра ён не бярэцца. І гэта праблема не бацькоў, а сістэмы, якая размяркоўвае не якасць, а колькасць».

Адна з найбольш спрэчных ідэй апошніх змяненняў у сістэме – забарона паступаць у гімназію вучням з нездавальняльнай адзнакаю за паводзіны.

«Раней адбор у гімназіі адбываўся паводле ведаў. Глядзеўся ўзровень падрыхтаванасці, самастойнасці, адоранасці. Цяпер дадалі паводзіны. Але паводзіны – гэта не адукацыйны, а выхаваўчы крытэр – суб’ектыўны і залежыць ад асабістай пазіцыі канкрэтнага педагога. І калі гэты крытэр робіцца адным з вызначальных, узнікае небяспека дыскрымінацыі, – мяркуе экспэртка. – Дзеці ды іхнія бацькі трапляюць у пастку «няпісаных правілаў»: калі дзіцяці не ўзялі – вы ж самі разумееце, чаму: «непаслухмяны», «не так сябе паводзіў». Пры гэтым ніякіх доказаў , ніякіх крытэраў».

«У школах выхоўваюць паслухмяную адзінку, а не самастойную асобу»

Такі падыход, паводле Святланы Мацкевіч, – не пра адукацыю, а пра падпарадкаванне асобы:

«Улады глядзяць на школу як на механізм фармавання паслухмянага грамадзяніна, а не чалавека, які думае».

Менавіта таму, адзначае яна, у школах усё больш узмацняецца ідэалагічны ціск на педагогаў. Настаўнікі вымушаныя не толькі праводзіць інфармацыйныя гадзіны, прысвечаныя дзяржаўнай палітыцы, але і выконваць ролю своеасаблівых назіральнікаў за бацькамі і вучнямі.

«Педагог цяпер – не настаўнік, а дзяржаўны службовец. Ягонае заданне – не навучыць, а сачыць. За бацькамі, за дзецьмі, за іхнімі паводзінамі, за іхнімі настроямі. Гэта ўжо не адукацыя, гэта сістэма ўліку і кантролю», – тлумачыць Святлана Мацкевіч.

Суразмоўца параўноўвае настаўнікаў у цяперашняй сістэме адукацыі з робатам, які павінен выконваць інструкцыі, не маючы магчымасці крытычна думаць і самастойна прымаць пастановы. Усё гэта вядзе да яшчэ большай дэфармацыі прафесіі, страты матывацыі і адтоку кадраў:

«Таленты ў такой сістэме не вытрымліваюць. А тыя, хто застаецца, перастаюць быць настаўнікамі ў класічным сэнсе. І робяцца часткаю сістэмы».

Ці ёсць у будучыня ў прыватных школ?

Нагадаем, у 2022 годзе Аляксандр Лукашэнка назваў прыватную школу «антыдзяржаўнаю клаакай» і запатрабаваў «зачысціць усё». Гэтыя заявы абурылі бацькоў і педагогаў, а сістэма адукацыі Беларусі сутыкнулася з сурʼёзнымі праблемамі: праз «несупадзенне ўсталяваным патрабаванням» бальшыня прыватных школ у Беларусі не прайшла працэдуры пераліцэнзавання, што прывяло да іх масавага закрыцця.

Сёння сітуацыя з прыватнымі школамі застаецца няпэўная. Месцамі крытычна не стае настаўнікаў (толькі за апошнія пяць гадоў колькасць настаўнікаў у школах і гімназіях скарацілася больш як на 2000 чалавек), бацькі незадаволеныя якасцю адукацыі, на дзяцей і педагогаў моцна ціснуць ідэалагічна. Пры гэтым вядома, што ўжо сёння некаторыя з зачыненых прыватных школаў спрабуюць аднавіць сваю дзейнасць: праходзяць новыя працэдуры ліцэнзавання і намагаюцца адаптавацца да змененых патрабаванняў. Ці маюць яны хаця б мізэрныя шанцы?

Паводле Святланы Мацкевіч, улады па-ранейшаму ўспрымаюць прыватныя школы як рассаднік іншадумства:

«Але сістэма разумее, што не выконвае сваіх заданняў. Таму можа паспрабаваць перакінуць адказнасць на кагосьці яшчэ. У тым ліку на прыватныя школы».

Паводле суразмоўцы, у будучыні можа наступіць момант адміністрацыйнага паслаблення, які адкрые шанец для развіцця недзяржаўнай адукацыі. І калі прыватныя школы ўсё ж пачнуць з’яўляцца, гэта будзе сігналам, што сістэма пачала адступаць. Пры гэтым экспэртка папярэджвае: кантроль над такімі ініцыятывамі будзе жорсткі:

«Яны не адмовяцца ад кантролю. Але дазволяць існаваць, калі зразумеюць, што гэта яшчэ і выгадна – эканамічна ды арганізацыйна. З другога боку, цяпер назіраецца адваротная тэндэнцыя: забараняюць рэпетытарства, забіваюць нефармальную адукацыю, сістэма баіцца нават ценю альтэрнатывы. Зачыстка працягваецца».

Ці можам спадзявацца на станоўчыя змены?

Паводле Святланы Мацкевіч, цяперашняя беларуская сістэма адукацыі – гэта замкнёнае кола, і ў такім выглядзе нічога новага стварыць яна ўжо не здольная. На пытанне, які сёння ўзровень адукацыі ў Беларусі, экспэртка адказвае без ілюзій:

«Гэта пытанне не рэйтынгу і табліц, а крытэраў. Іх проста няма. У нас спынены незалежны маніторынг. Мы нават не ведаем дакладна, у якім пункце цяпер».

Суразмоўца згадвае міжнароднае даследаванне PISA, у якім Беларусь брала ўдзел яшчэ ў 2018 годзе. Нават тады вынікі былі трывожныя: грамадзянская, функцыянальная, прававая, моўная кампетэнцыя – усё кульгала. А пасля 2020-га такія даследаванні проста былі забароненыя:

«Калі мы калі-небудзь пачнём рэформу, то павінны пачаць менавіта з ацэнкі. Але не сваёй, «у сістэме», а міжнароднай. Каб зразумець, дзе мы – не на мапе, а ў свеце ведаў».

Адначасова экспэртка адзначае, што пэўная якасць адукацыі цяпер усё ж ёсць, але трымаецца яна не дзякуючы сістэме, а насуперак ёй:

«Адзіны пункт росту – не ў міністэрствах, а ў людзях: у маленькіх суполках, у настаўніках, якія не страцілі сябе. У бацьках, якія шукаюць для дзяцей лепшага. У дзецях, якія цягнуцца да ведаў».

Што да магчымай рэформы, то экспэртка сцвярджае:

«Нават цяпер дэмакратычныя сілы маюць гатовыя канцэпцыі рэформы сістэмы адукацыі Беларусі. Але яны вымушаныя ляжаць у шуфлядзе, бо не стае развязання галоўнай палітычнай праблемы. Без гэтага не зрушыцца з месца. І нават калі перамены адбудуцца, то сапраўдная рэформа адукацыі зойме 6–7 гадоў, а вынікі яе стануць відаць толькі праз 10–12».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках