Financial Times: ЗША і Украіна блізкія да ўкладання ўгоды аб карысных выкапнях
3- 28.04.2025, 15:00
- 2,242

Журналісты высветлілі, што яна ўключае.
Вашынгтон і Кіеў блізкія да падпісання пагаднення аб карысных выкапнях, якое будзе ўключаць усе прыродныя рэсурсы Украіны - нафту, газ і ключавыя энэргетычныя актывы. Не выключана, што падпісанне ўгоды адбудзецца ўжо на гэтым тыдні, паведамляе Financial Times (пераклад - «Уніян»).
Характэрна, што раней падпісанне «пагаднення аб мінералах» сарвалася з-за супярэчнасці паміж Кіевам і Вашынгтонам. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп патрабаваў, каб Украіна выкарыстоўвала даходы ад прыродных рэсурсаў для вяртання амерыканскай дапамогі, але Кіеў адмовіўся выконваць гэтую ўмову. Цяпер абедзве краіны дамовіліся, што раней прадастаўленая вайсковая дапамога не будзе ўлічвацца ў рамках угоды.
Са звестак выдання, Кіеў дамогся значнай саступкі ад адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Прарыў быў дасягнуты пасля сустрэчы амерыканскага лідара і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў Ватыкане.
- Маем добры прагрэс. Галоўнае, што дакладна вызначылі нашы чырвоныя лініі, пагадненне павінна адпавядаць еўрапейскім абавязанням, а таксама не супярэчыць Канстытуцыі і заканадаўству Украіны. Яно павінна абавязкова быць ратыфікаванае парламентам. Дасягнуты дамоўленасці, што ў дакуменце не залічваецца дапамога, прадстаўленая да яе падпісання, - паведаміў прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль пасля сустрэчы з міністрам фінансаў Скотам Бесэнтам.
У выданні адзначылі, што Трамп пасля сустрэчы з Зяленскім у Ватыкане заявіў, што ўкраінскі лідар "разумее карціну і хоча ўкласці ўгоду". Таксама ён выказаў расчараванне Украінай і Расеяй, заявіўшы, што краіны ў вайне не хочуць ісці на саступкі, каб спыніць вайну:
«Я быў вельмі расчараваны тым, што ракеты былі запушчаныя Расеяй. Я хачу, каб Пуцін спыніў страляніну, сеў і падпісаў угоду».
У той жа час, дарадца Трампа ў нацыянальнай бяспецы Майк Уолц выказаў упэўненасць у інтэрв'ю Fox News, што ўгода "будзе дасягнута".
- Перамоўнікі ўпарта працавалі на выходных. Трамп поўны рашучасці зрабіць гэта, - заявіў ён.