Расейцаў пазбавяць апошніх імпартных лекаў у сістэме дзяржаўнай медыцыны
8- 28.04.2025, 17:36
- 4,122

Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр РФ Мішусцін.
Расейскія ўлады рыхтуюцца пайсці на далейшае скарачэнне дзелі імпартных прэпаратаў у сістэме дзяржаўнай аховы здароўя, піша The Moscow Times.
У пераліку жыццёва неабходных і найважнейшых лекавых прэпаратаў (ЖННЛП), які выкарыстоўваюцца ў рамках праграмы дзяржаўных гарантый бясплатнай меддапамогі, 90% лекаў павінны стаць айчыннымі, заявіў у панядзелак прэм'ер-міністр РФ Міхаіл Мішусцін.
"Каб забяспечыць людзям якасную медыцынскую дапамогу, патрэбны ўласныя эфектыўныя лекі, - сказаў Мішусцін, выступаючы на марафоне таварыства "Веды" - Галоўная задача - зрабіць больш даступнымі для грамадзян перадавыя падыходы да прафілактыкі і лячэння" (цытаты з ТАСС).
У красавіку мінулага года, выступаючы ў Дзярждуме РФ са справаздачай аб працы ўрада, Мішусцін расказаў, што дзель прэпаратаў з пераліку ЖННЛП, якія вырабляюцца ўнутры краіны, складае 80%.
Хоць заходнія санкцыі не закранулі наўпрост пастаўкі лекаў у Расею, не менш за 28 замежных фармакалагічных кампаній цалкам сышлі з расейскага рынку, а асартымент імпартных прэпаратаў у расейскіх аптэках скараціўся.
Замежныя вытворцы па-ранейшаму больш прадаюць «унікальныя» пазіцыі, у тым ліку арыгінальныя прэпараты, тады як расейскія лекі ў вялікім аб'ёме выпускаюцца ў выглядзе «небрэндаваных джэнерыкаў», пішуць аналітыкі DMS Group.
Скарачэнне дзелі замежных тавараў у эканоміцы было ўключанае ў новы 6-гадовы план Пуціна, які быў прадстаўлены неўзабаве пасля інаўгурацыі на пяты тэрмін запар.