29 красавiка 2025, aўторак, 1:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На беларуска-польскай мяжы здарыўся калапс

На беларуска-польскай мяжы здарыўся калапс

Аўтамабілі і аўтобусы стаяць у чарзе суткамі.

Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэта на 18-ю, больш за 1600 аўтамабіляў і 100 аўтобусаў чакаюць выезду з Беларусі ў Польшчу. Як пішуць беларусы ў чатах пра перасячэнне мяжы, у аўтамабілях многія праводзяць да трох сутак. А праз чэргі некаторыя чакаюць аўтобусы на вакзале ў Варшаве амаль суткі.

Аўтамабілі. «Падобна, на трое сутак я ў Брэсце затрымаўся?»

Чэргі ў пункце пропуску «Брэст» (адзіным на беларуска-польскай мяжы) пачалі расці з мінулага аўторка, 21 красавіка. Калі раніцай выезду ў Польшчу чакалі 67 аўтамабіляў, то ўжо да сярэдзіны 22 красавіка іх колькасць пераваліла за 1000. Далей – больш. У чацвер, 24 красавіка, колькасць легкавых аўто, якія чакаюць выезду, перавысіла 1500, а да ночы пятніцы, 25 красавіка, дарасла да 1730, піша «Люстэрка».

У суботу і нядзелю выезду чакалі ўжо 1700–1800 аўтамабіляў. Рэкорд быў зафіксаваны ў ноч з 26 на 27 красавіка: тады ў чарзе знаходзілася 1860 аўтамабіляў. Тым часам, як паведамляе Onliner, папярэдні рэкорд складаў 1470 аўтамабіляў і быў зафіксаваны ў ноч з 27 на 28 кастрычніка 2024 года.

Сітуацыя крыху палепшылася ў панядзелак, 28 красавіка. Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэта на 18-ю, выезду ў Польшчу чакалі 1660 аўтамабіляў.

– Толькі што я зарэгістраваўся 1636-м у чарзе. Падобна, на трое сутак я ў Берасці затрымаўся? – піша Аляксандр у тэматычным чаце.

Вадзім ужо дзеліцца досведам. Ён зарэгістраваўся 24 красавіка ў 18.27. У пункт пропуску паводле электроннай чаргі яго выклікалі толькі 28 красавіка ў 6.43.

– Заехалі 1512-й машынай, – піша мужчына і дадае, што правёў на мяжы крыху менш за чатыры гадзіны.

Падобная гісторыя і ў Марыі. У электронную чаргу яна ўстала 24 красавіка ў 12.32 і была 1430-й. У пункт пропуску яе выклікалі ў нядзелю, 27 красавіка, у 17.09. Гэта значыць, сваю чаргу яна чакала тры дні, чатыры гадзіны і 37 хвілінаў.

– У 20.58 выехалі з РБ (сам кантроль прайшлі хутка, увесь астатні час проста чакалі, пакуль чарга на мосце рассмокчацца), – расказвае яна. – А 23-й прайшлі пашпартны кантроль у палякаў. Працавала другая, трэцяя і сёмая каляіны, на другую чаргу рухалася крыху хутчэй. Праз аднаго адпраўлялі на рэнтген ці ў яму. У 23.35 заехалі на рэнтген. Адначасова запускалі да трох машынаў, у залежнасці ад колькасці тых, хто чакае. Пакуль аўтамабіль на рэнтгене, пасажыры знаходзяцца ў пакоі чакання (там ёсць прыбіральня і даволі цёпла). У 00.05 выехалі з рэнтгену. У 00.09 – з польскай мяжы. Час праходжання – сем гадзінаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках