Супраць Паліны Шарэнда-Панасюк распачалі дзве новыя крымінальныя справы
7- 29.04.2025, 10:58
- 8,632

Дапытвалі ейных сваякоў.
Супраць Паліны Шарэнда-Панасюк распачалі новыя крымінальныя справы, адбыліся допыты яе сваякоў. Пра гэта ў Faceebok распавёў муж экс-палітвязні Андрэй Шарэнда.
Паводле ягоных слоў, справы распачалі паводле артыкула 422 КК (Ухіленне ад прэвентыўнага нагляду) і 361 КК (Заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі).
«Так супала, што ўчора Facebook без тлумачэння прычын заблакаваў старонку Паліны. І гэта ўжо другі раз запар. Спробы абскардзіць гэту пастанову не далі плёну. Як і першы раз, старонка не пратрымалася і тры дні. Зразумела, што лукашысты проста закідваюць старонку Паліны скаргамі, і алгарытмы Facebook спрацоўваюць», - напісаў ён.
Нагадаем, 1 лютага стала вядома, што Паліна Шарэнда-Панасюк выйшла на волю пасля заканчэння чацвёртага тэрміна. За кратамі яна правяла чатыры гады і адзін месяц.
Берасцейская актывістка, маці дваіх дзяцей Паліна Шарэнда-Панасюк была затрыманая ў студзені 2021 года і ў чэрвені прысуджаная да двух гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 364, 368 і 369 КК. Адбываць пакаранне яе адправілі ў жаночую калонію № 4 у Гомелі.
Жанчына выйшла б на волю яшчэ ў 2022 годзе, але ў калоніі яе сталі ўвесь час адпраўляць у штрафны ізалятар, абвінавачваючы ў парушэнні рэжыму, а ўжо ў лютым 2022-га распачалі першую крымінальную справу паводле арт. 411 КК (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). У красавіку суд Чыгуначнага раёна Гомеля вынес ёй прысуд - прызнаў вінаватай і прызначыў яшчэ год пазбаўлення волі.
Адбыўшы свой павялічаны тэрмін, Паліна 6 жніўня 2023 года мусіла выйсці з калоніі. Аднак у дачыненні да яе зноў распачалі крымінальную справу паводле арт. 411 КК. У кастрычніку 2023-га жанчыну прысудзілі яшчэ да года калоніі.