Прагляды фільма «Канклаў» б'юць усе рэкорды
1- 29.04.2025, 11:43
- 2,624

Смерць пантыфіка выклікала рэзкі рост цікавасці да фільмаў пра Ватыкан.
Пасля смерці Папы Францішка, піша газета The New York Times (пераклад — сайт Charter97.org), гледачы масава звярнуліся да фільмаў пра Ватыкан. Стрымінг фільма «Канклаў», як паведамляе аналітычная кампанія Luminate, павялічыўся ў дзясяткі разоў. Гэта стала адной з формаў грамадскай рэакцыі на сыход сусветнага рэлігійнага лідара: малітвы, рытуалы - і прагляд кіно.
Са звестак Luminate, у панядзелак, адразу пасля весткі аб смерці пантыфіка, колькасць хвілін прагляду оскараноснага фільма 2024 года «Канклаў», які распавядае аб працэсе абрання новага Папы, падскочыла ў ЗША да 6,9 мільёна ў параўнанні з 966 тысячамі за той жа дзень тыднем раней. У аўторак, калі Amazon Prime Video зрабіў фільм бясплатным для падпісчыкаў, лічбы выраслі да 18,3 мільёна хвілін супраць 574 тысяч на мінулым тыдні.
"Мы фіксуем рост праглядаў на 3200% тыдзень да тыдня", – гаворыцца ў заяве Luminate.
На думку аналітыкаў, на скачок цікавасці да фільма паўплывалі адразу два чыннікі - смерць Папы Францішка і пастанова Amazon часова зрабіць фільм бясплатным.
Фільм «Канклаў», заснаваны на аднайменным рамане Робэрта Харыса 2016 года, выйшаў у кастрычніку 2024 года і атрымаў «Оскар» за найлепшы адаптаваны сцэнар. Ён расказвае пра выдуманую, але блізкую да рэальнасці працэдуру выбрання новага пантыфіка пасля смерці папярэдняга. У галоўных ролях - Рэйф Файнс, Стэнлі Тучы і Джон Літгоў. Па меры развіцця сюжэту ўсплываюць таямніцы, і інтрыгі нарастаюць.
Экспэрты пацвярджаюць, што фільм агулам дакладна адлюстроўвае рытуалы канклава. Так, прафесар гісторыі з Універсітэта Мэрылэнда Пётр Касіцкі адзначыў, што паказаныя ў фільме абрады - зачытванне галасоў, нанізванне бюлетэняў на нітку і іх спальванне - "у цэлым адпавядаюць рэчаіснасці".
Аднак не ўсё з гэтым згодны. Кардынал Шон О’Мэлі, былы арцыбіскуп Бостана, які ўдзельнічаў у канклаве 2013 года, у сваім блогу адзначыў: «Мой асабісты досвед удзелу ў абранні Папы Францішка моцна адрозніваецца ад таго, што паказана ў фільме. Пры ўсёй мастацкай і забаўляльнай каштоўнасці фільм не паказвае духоўную сутнасць канклава».
Рост папулярнасці закрануў і іншы фільм - "Два Папы" ад Netflix (2019), прысвечаны стасункам Папы Францішка і яго папярэдніка Бэнедыкта XVI. Са звестак Luminate, прагляды стужкі выраслі на 417%: у нядзелю – 290 тысяч хвілін, у панядзелак – ужо 1,5 мільёна.