«Макрон ставіць Расеі ультыматум»
6- 29.04.2025, 14:04
- 16,590

Еўропа пасылае Пуціну сігнал, што ціск будзе ўзмоцнены.
На працягу наступных 8–10 дзён міжнародная супольнасць павінна яшчэ мацней націснуць на РФ, заявіў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон.
У нядаўняй заяве пасля размовы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім Дональд Трамп таксама згадаў пра санкцыі супраць РФ.
Пра гэта сайт Charter97.org пагутарыў з вядомым украінскім палітолагам, кіраўніком Цэнтра практычных палітычных даследаванняў «Пента» Уладзімірам Фясенкам:
— Тое, што на РФ і Пуціна трэба ціснуць, каб прымусіць да міру і рэальных мірных перамоў, даўно зразумела многім палітыкам і экспэртам. Гэта даўно разумеюць ва Украіне, разумеюць і большасць еўрапейскіх лідараў (перш за ўсё партнёраў нашай краіны).
Іншая рэч, што іх магчымасці абмежаваныя, хаця напраўду яны таксама могуць зрабіць нямала ў плане ўзмацнення эканамічнага ціску на Расню. Напрыклад, у барацьбе з ценявым танкерным флотам. Але важна, каб былі супольныя санкцыйныя дзеянні, палітычны ціск з боку ЗША і Еўропы.
Роля ЗША тут з’яўляецца вызначальнай, і, думаю, цяпер у амерыканцаў ёсць дадатковы інструмент ціску на Пуціна. Гэта не толькі санкцыі. Санкцыі і пытанне санкцыйнага ціску абмяркоўваецца, гэтая тэма актыўна абмяркоўваецца і ў ЗША, і сам Трамп заяўляў, што ён можа ўвесці так званыя другасныя санкцыі супраць расейскай нафты на глабальных рынках. Гэта сапраўды вельмі сур’ёзна можа ўдарыць па расейскіх інтарэсах, зменшыць даходы Расеі і магчымасці фінансавання вайны.
Аднак дадатковы інструмент ціску на Пуціна з боку Трампа — гэта пагроза проста спыніць перамовы з Расеяй. Пуцін жа напраўду хоча вялікай угоды з Трампам. Трэба разумець мэты кіраўніка Крамля: у яго іх адначасова дзве.
Ён хоча дамагчыся перамогі над Украінай альбо вайсковым шляхам, альбо прымусіўшы да міру на сваіх умовах. Для гэтага ён хоча выкарыстаць Трампа, але не вельмі атрымліваецца.
Часткова, скажам, гэта працуе. Трамп гатовы пайсці на пэўныя саступкі Пуціну ў NATO і нават цяпер аб статусе Крыму, але ўсё ж у поўнай меры не атрымліваецца.
Амерыканцы ставяць умовы для таго, каб дамаўляцца ў розных іншых пытаннях. Найперш трэба дамовіцца пра спыненне вайны.
Пуцін перад выбарам: альбо ён ідзе насустрач Трампу і дамаўляецца пра спыненне агню, альбо ЗША павінны прадэманстраваць жорсткасць і проста выразна паказаць: калі Пуцін не згодзіцца на неадкладны пачатак перамоў пра спыненне агню, значыць, не будзе і перспектывы далейшага дыялогу паміж ЗША і РФ. У тым ліку і ў розных бізнэс-праектах, іншых пытаннях, а тым больш аб зняцці санкцый. Такі ультыматум павінен быць пастаўлены.
Не Пуцін павінен ставіць ультыматумы Захаду і Украіне, а яны — яму і Крамлю. ЗША патрэбна больш жорсткая, ультыматыўная рыторыка, а не такая, як цяпер.
Мне здаецца, што фатальная памылка амерыканскай адміністрацыі і самога Трампа ў тым, што яны пайшлі на папярэднія саступкі Пуціну і выкарыстоўваюць занадта мяккую тактыку ў перамовах з Крамлём, неабходны ціск.
Зыходзячы са слоў Макрона, цяпер рыхтуецца пакет дадатковых санкцый з боку Еўропы супраць Пуціна. Гэта павінна быць сігналам, што альбо ён сапраўды дамаўляецца пра спыненне агню, альбо замест зняцця санкцый атрымлівае іх узмацненне. Такі ультыматум.
Еўрапейцы спрабуюць пераканаць Трампа, што неабходныя больш жорсткія дзеянні ў дачыненні да Пуціна. Бліжэйшы тыдзень — да 9 траўня — мае важнае значэнне. Калі Пуцін прапанаваў так званае замірэнне, думаю, што гэта таксама будуць выкарыстоўваць супраць яго.
Падкрэслю, еўрапейцы цяпер пераконваюць Трампа, што неабходнае ўзмацненне ціску ўжо цяпер на Крэмль, каб прымусіць яго як мага хутчэй пачаць перамовы.
— Ці спыніць Пуціна эканамічны ціск? Ці ён гатовы ваяваць, нягледзячы на яго?
— Зразумейце, ён хоча і перамоў, і ваяваць. Ён не хоча спыняць вайну. Спыніць ці не — пытанне адкрытае. Мы не можам адказаць за Пуціна.
Можна паставіць Пуціна перад выбарам. Я ўжо казаў, што для яго вельмі важна захаваць перспектыву перамоў і дамоўленасцяў з Трампам.
Калі толькі санкцыі, то, думаю, гэтага будзе недастаткова. Санкцыі могуць даць эфект, але не адразу, а можа, і не дадуць поўнага эфекту.
Цяпер жа на Пуціна можна ціснуць менавіта ў пытанні далейшых перамоў з РФ. Для яго гэта, магчыма, нават важней, чым зняцце санкцый.