Пастаўкі вайсковых грузаў з Беларусі ў Расею павялічыліся
1- 29.04.2025, 15:46
- 3,198

Некаторыя прызначаліся для аб'ектаў у Крыме і Калінінградскай вобласці РФ.
Беларуская чыгунка застаецца найважнейшым звяном у забеспячэнні расейскага войска, піша ў сваім аналітычным матэрыяле "Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі". Гэта адбываецца на фоне падзення транзітных і камерцыйных перавозак. У першым квартале 2025 года плынь грузаў абароннага прызначэння паміж Беларуссю і Расеяй прадоўжыла рост.
Па чыгунцы рэгулярна адпраўляюць тэхніку, будаўнічыя матэрыялы і ГЗМ у інтарэсах Мінабароны Расеі, у тым ліку часткі, звязаныя з ядзерным арсеналам.
Якія прадпрыемствы Беларусі найбольш актыўныя ў пастаўках
Са студзеня да сакавіка 2025 года Менскі завод колавых цягачоў адправіў у Расею 93 вагоны з прадукцыяй вайсковага прызначэння. Аснову грузу склалі цяжкія шасі і прычэпы, якія выкарыстоўваюцца ў сістэмах СПА (С-400, С-300, С-350) і ракетных комплексах тыпу "Іскандэр" і "Ярс".
Атрымальнікамі сталі вядучыя расейскія абаронныя прадпрыемствы - "Абухоўскі завод", "Алмаз-Антэй", "Купал", "Тытан-Барыкады" ды іншыя.
Беларускае прадпрыемства з Мікашэвіч "Спецжалезабетон" працягвае адгружаць жалезабетонныя шпалы для стрэлкавых пераводаў. Толькі за першы квартал 2025 года на адрас аб'ектаў Мінабароны РФ адпраўлена 89 паўвагонаў з больш як 5,5 тысячамі тон прадукцыі.
Сярод атрымальнікаў - стратэгічна важныя вайсковыя аб'екты, уключаючы Плясецкі касмадром, палігоны РВСН, базы ядзернага захоўвання 12-й Галоўнай управы Мінабароны РФ, лагістычныя цэнтры ВМФ і ВКС.
Некаторыя пастаўкі прызначаліся для аб'ектаў у Крыме і Калінінградскай вобласці, у тым ліку Балтыйскі флот і Чарнаморскі флот.
Пры гэтым "Супольнасць чыгуначнікаў" адзначае, што ў першым квартале 2025 года не зафіксавана паставак зброі або боепрыпасаў.