Парыжскія кавярні абвінавацілі ў падмене вінаў турыстам на больш танныя
16- 29.04.2025, 18:16
- 6,364

Праверку правялі журналісты пад выглядам ангельскамоўных турыстаў.
Рэстараны і кавярні Парыжа выкрылі ў падмене віна, якое падаецца турыстам у келіхах, на таннейшае. Пра гэта паведаміла Le Parisien у серыі відэа пад назвай «Турыст». Змест пераказала брытанская The Times.
Журналісты выдання разам з двума самелье пад выглядам ангельскамоўных турыстаў наведалі некалькі бістро і брасерый. Праверка паказала, што замест заяўленых у меню вінаў, напрыклад прэміяльнага саблі коштам блізу €9 за келіх, кліентам падавалі таннейшы савіньён, коштам блізу €5.
Паводле словаў супрацоўнікаў установаў, практыка замены напояў найбольш распаўсюджаная ў турыстычных раёнах. Афіцыянты адзначалі, што большасць кліентаў, асабліва замежнікі, не здольныя адрозніць гатункі на смак. Некаторыя рэстараны, на прызнанне працаўнікоў, нават змешваюць рэшткі вінаў для падачы ў рамках акцый «шчаслівай гадзіны».
Адзін з афіцыянтаў прызнаў, што яго папрасілі падаваць таннейшае віно, каб не адкаркоўваць дарагую бутэльку, у якой віно магло потым сапсавацца, калі пакінуць яе адкаркаванай.
Паводле закону віно павінны наліваць на вачах у кліентаў, з дэманстрацыяй арыгінальнай бутэлькі. Аднак, як расказаў Жэром Баўэр, кіраўнік Нацыянальнай канфедэрацыі вытворцаў вінаў AOC, нават невялікая колькасць парушальнікаў шкодзіць іміджу галіны і зніжае давер да вінаробных рэгіёнаў Францыі.
Кантраляваць парушэнні складана праз вялікую колькасць установаў – у Парыжы іх налічваецца блізу 60 тыс. За падман кліентаў пры падачы віна французскім заканадаўствам прадугледжанае пакаранне да трох гадоў пазбаўлення волі і штраф памерам €30 тыс.