30 красавiка 2025, Серада, 1:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларусы адзначаюць Радаўніцу

Як беларусы адзначаюць Радаўніцу

Фотарэпартаж з Палесся.

У календары Радаўніца – вясновы дзень, калі беларусы традыцыйна і асабліва памінаюць памерлых. Журналісты Onlíner пабывалі на поўдні Беларусі і ўбачылі, як памяць аб продках шануюць на Палессі.

Калі ўзнікла гэтая традыцыя, сказаць складана, але ва ўсходніх славянаў здаўна прынята вясной успамінаць памерлых. Доктарка філалагічных навук Таццяна Валодзіна расказвала нам, што ў гэты час з цёплых краёў прыляталі птушкі, са спячкі выходзілі мядзведзі, выпаўзалі змеі, і, як меркавалі нашы продкі, душы памерлых на нейкі час вярталіся на зямлю.

Калі восенню на Дзяды памерлых паміналі дома, то на Радаўніцу заўсёды ішлі на могілкі. Перад гэтым на магілах наводзілі парадак, у некаторых раёнах для памерлых палілі лазню, рыхтавалі памінальны стол, які ладзілі на месцы пахавання. На ўзгорку рассцілалі абрус і выкладвалі велікодныя яйкі, хлеб, мяса, ставілі бутэльку са спіртным.

Многія звычаі засталіся ў мінулым, аднак беларусы па-ранейшаму прыходзяць на могілкі і асабліва ўспамінаюць памерлых.

Пры гэтым традыцыі ў шматлікіх рэгіёнах паміж сабой адрозніваюцца. Калі ў цэнтральнай частцы Беларусі на могілкі прыходзяць спантанна, цягам дня, то ў Берасцейскай і на поўдні Менскай абласцей на Радаўніцу ідуць у той час, калі павінен пад'ехаць святар, каб асвяціць магілы. Помнікі традыцыйна абвязваюць стракатымі стужачкамі і ручнікамі. На магілу кладуць цукеркі, велікодныя яйкі і, у залежнасці ад мясцовасці, проса.

На могілках памерлых не памінаюць. Раней так рабілі, але святары былі супраць і кардынальна змянілі звычай. Цяпер памінальны стол накрываюць дома.

– Раней нашыя бацькі прыходзілі на могілкі ўвечары, нават на Вялікдзень: асвячалі ежу і паміналі памерлых. Потым з'явілася Радаўніца (маецца на ўвазе выходны – другі аўторак пасля Вялікадня. – Заўв. Onlíner), але некаторыя ўсё роўна па-старому ідуць на могілкі ў Вялікдзень, – кажа Ева Іванаўна, якую мы сустрэлі на могілках у Лахве Лунінецкага раёна.

Так сёння выглядалі могілкі каля вёскі Красная Воля і аграгарадка Вулька-2:

У аграгарадку Сінкевічы мясцовыя жыхары таксама сабраліся перад самым прыходам святара – на могілках побач з драўлянай царквой Святога Георгія, пабудаванай на мяжы XVII і XVIII стагоддзяў.

Радаўніца на старых могілках у Лунінцы:

А гэта вёска Вялічкавічы Салігорскага раёна:

Падчас Другой сусветнай вайны вёска моцна пацярпела: фашысты расстралялі і спалілі больш за 300 мясцовых жыхароў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках