30 красавiка 2025, Серада, 15:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У CNN з'явіліся споведзі кітайцаў, якія ваявалі супраць Украіны

6
У CNN з'явіліся споведзі кітайцаў, якія ваявалі супраць Украіны

Адзін з іх назваў расейскае войска пасмешышчам.

Кітаец, які ваюе супраць Украіны ў шэрагах войска Расейскай Федэрацыі, заклікаў сваіх суграмадзян не паўтараць яго памылак.

У тэлефоннай размове 29-гадовы замежнік распавёў CNN, што да 2018 года быў жаўнерам Народна-вызваленчага войска Кітая, а калі пачалася поўнамаштабная вайна, адчуў «пакліканне» да службы.

Ён запэўнівае, што не меў ніякіх палітычных матываў - толькі жаданне адчуць «смак ваеннага жыцця» за мяжой.

Са слоў акупанта, ён мог пайсці ваяваць за Украіну, але ў Расею яму было лягчэй атрымаць турыстычную візу. У 2023 годзе яму адмовіла расейскае Міністэрства абароны, бо ён не ведаў расейскую, таму кітаец паехаў на Данбас у складзе прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер». Ужо ў траўні 2024 года ён падпісаў гадавы кантракт з Мінабароны і адправіўся ў Бахмут. Іншаземец кажа, што кантракт прадугледжваў заробак 200 тысяч рублёў і дадатковыя 50 тысяч за кожны кіламетр прасоўвання.

Правёўшы год на фронце, ён называе сваю пастанову пайсці ваяваць памылкай. Са слоў акупанта, у акопах ён ледзь мог падняць галаву, а пасля спрэчкі з камандзірам адносна ахоўнага рыштунку, яго замкнулі на 21 дзень у цеснай і цёмнай яме са сталёвымі кратамі:

«Я павінен сказаць праўду і папярэдзіць гэтых ірацыянальных кітайцаў - не прыязджайце сюды. Другое войска ў свеце - гэта проста пасмешышча».

Грамадзянін Кітая, які зараз аднаўляецца пасля атрыманых на фронце раненняў, паскардзіўся журналістам на ўмовы ў расейскім акупацыйным войску. Дарэчы, на няякаснае абсталяванне, неадэкватную лагістыку, жорсткае абыходжанне і сур'ёзную карупцыю. Ён кажа, што на баку расейцаў ваююць сотні іншых кітайцаў. Большасць ягоных «калегаў» пайшлі на гэта дзеля грошай, бо з'яўляюцца «выхадцамі з нізоў».

Іншы кітайскі найміт распавёў журналістам, што зарабляў у расейскім войску прыкладна ўтрая больш, чым на радзіме. 37-гадовы акупант далучыўся да войска РФ у ліпені 2023 года і правёў там год. Ён гаворыць, што не можа дакладна вызначыць прычыну сваёй пастановы, аднак грошы не былі галоўным фактарам.

Паводле інфармацыі CNN, некалькі кітайцаў таксама ваявалі на баку Украіны. Выданне пацвердзіла іх прысутнасць у адным з батальёнаў, аднак Сухаземныя войскі не змаглі паведаміць іх агульную колькасць, бо кожнае падраздзяленне само набірае байцоў:

«Кітайцы ваявалі па абодва бакі гэтай вайны, але тых, хто наважыўся ваяваць за Украіну - і хто ў асноўным уважае сябе матываваным ідэалогіяй, а не фінансамі - аб'ядноўвае адна агульная рыса: яны правялі час за межамі Кітая».

Журналісты расказваюць гісторыю кітайца Джэйсана, які пераехаў у Злучаныя Штаты Амерыкі яшчэ ў старэйшай школе. Увесну 2023 года ён кінуў навучанне на магістарскай праграме па кампутарных навуках і паехаў у Львоў, каб уступіць у шэрагі Міжнароднага легіёна.

Праз чатыры месяцы службы пяхотнік падаў прашэнне аб пераводзе ў штурмавую роту, аднак камандзір адмовіў яму праз падазрэнні наконт яго нацыянальнасці. Мужчына ўжо вярнуўся ў ЗША і кажа, што разумее пастанову камандзіра, бо «Кітай і Расея дастаткова блізкія».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках