Новае МЗС Нямеччыны будзе руйнаваць планы Крамля
7- 30.04.2025, 12:09
- 8,740

Мэрц абяцае безумоўную падтрымку Украіне.
Будучы канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц паабяцаў, што падтрымка Украіны стане цэнтральным элементам замежнай палітыкі яго будучага ўрада. Пра гэта паведамляе выданне The Guardian (пераклад - сайт Charter97.org).
Мэрц абвясціў, што новым міністрам замежных спраў Нямеччыны стане Ёган Вадэфуль - дэпутат Бундэстага ад ХДС, былы вайсковец і даўні дарадца Мэрца ў пытаннях замежнай палітыкі. Ён вядомы сваёй паслядоўнай падтрымкай вайсковай дапамогі Украіне.
У нядаўнім інтэрв'ю газеце Frankfurter Allgemeine Zeitung Вадэфуль заявіў: «Гаворка ідзе не пра некалькі квадратных кіламетраў украінскай тэрыторыі, а пра прынцыповае пытанне - ці дазволім мы класічную заваёўную вайну ў Еўропе».
Сам Мэрц таксама падкрэсліў сур'ёзнасць расейскай агрэсіі, адзначыўшы: «Уварванне Уладзіміра Пуціна - гэта не што іншае, як бітва супраць усяго палітычнага парадку еўрапейскага кантынента».
Чакаецца, што Борыс Пісторыус, прадстаўнік Сацыял-дэмакратычнай партыі і дзейны міністр абароны, захавае сваю пасаду ў новым урадзе. Ён раней рэзка раскрытыкаваў так званыя «мірныя прапановы» Дональда Трампа па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, назваўшы іх «практычна капітуляцыяй».