Ксяндза з Шуміліна Анджэя Юхневіча прысудзілі да 13 гадоў зняволення
4- 30.04.2025, 17:16
- 5,204

Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
30 красавіка ў Шуміліне быў вынесены прысуд Айцу Анджэю Юхневічу, пробашчу мясцовага санктуарыя Маці Божай Фацімскай. Афіцыйна пра гэта пакуль не паведамляецца, але вернікі даведаліся, што святар асуджаны на 13 гадоў пазбаўлення волі, пры тым, што абвінавачванне настойвала на тэрміне 15 гадоў, піша Katolik.news.
Суд праходзіў у закрытым рэжыме, у чым менавіта абвінавацілі святара, якога першапачаткова затрымлівалі паводле палітычных матываў, невядома. З раскладу суда вынікала, што яму паставілі тры крымінальныя артыкулы.
Таксама было паведамлена, што працэс вяла старшыня суда Шумілінскага раёна Іна Грабоўская.
Як даведаліся вернікі, святар цалкам адмаўляў абвінавачванні і спрабаваў даказаць сваю невінаватасць.
Сам святар у судзе трымаўся ў добрым стане духу. Як адзначаюць вернікі, 13 - асаблівая колькасць для каталікоў, гэта дата з'яў Божай Маці ў Фаціме, таму для асуджанага святара спадзяюцца на заступніцтва Багародзіцы.
На суд над Айцом Анджэем кожны раз прыязджаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У пасёлку бачылі, як падчас пасяджэнняў ён ішоў у капэлу і маліўся там.