У Менску затрыманыя муж з жонкай, якія заявілі пра таямнічага кватаранта
- 4.04.2025, 14:16
- 10,584

Сталі вядомыя падрабязнасці незвычайнай гісторыі.
Сілавікі затрымалі сям'ю менчукоў, а тыя заявілі пра таямнічага кватаранта. Падрабязнасці паведамілі ў Следчым камітэце агенцтву «Минск-Новости».
Так, яшчэ ў студзені ў лясным масіве побач з вёскай Абрыцкай Слабадой у Менскім раёне міліцыянты з довадамі злачынства злавілі мужа і жонку, 36-гадовую жанчыну і 37-гадовага мужчыну. Пры сабе ў менчукоў знайшлі блізу 300 грамаў асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва і яшчэ 200 грамаў небяспечнага расліннага рэчыва.
Але затрыманыя сваю віну сталі адмаўляць, заяўляючы, што наркотыкі яны перамяшчалі за бясплатную дозу, якую ім нібыта паабяцаў знаёмы з Расеі, які перыядычна жыў у іх у кватэры, дапамагаючы плаціць камуналку.
Маўляў, менавіта гэты таямнічы кватарант і сказаў ім забраць наркотыкі са схованкі ў лесе, што яны і зрабілі, пасля чаго былі затрыманыя. Аднак дома пры ператрусе ў іх знайшлі прылады для фасоўкі псіхатропных рэчываў: электронныя шалі, ізастужку розных колераў. А ў тэлефоне мянчанкі было яшчэ шмат фота з месцамі закладак-схованак. Па гэтых фота яшчэ 13 скруткаў з 60 грамамі псіхатропных рэчываў былі канфіскаваныя.
- Устанавіць асобу таямнічага замежніка і пацвердзіць факт яго пражывання ў кватэры ў абвінавачанай не ўдалося, - пракаментавалі ў СК.
Пры гэтым было даведзена, што муж і жонка займаліся збытам наркотыкаў. Раней яны ўжо мелі праблемы з законам. У 2024-м жанчыну за захоўванне наркотыкаў прысуджалі да двух гадоў абмежавання волі, а мужчыну - да чатырох гадоў хатняй хіміі.
Цяпер ім інкрымінуюць незаконныя з мэтай збыту набыццё і захоўванне наркатычных сродкаў групай асоб у значнай суме (ч.3 арт.328 Крымінальнага кодэкса Беларусі).