ЗША ўскалыхнулі масавыя акцыі пратэсту супраць Трампа і Маска
33- 6.04.2025, 8:37
- 20,126

У сталіцах штатаў і буйных гарадах прайшлі больш за 1400 акцый.
У суботу, 5 красавіка, у ЗША прайшлі больш за 1400 акцый пратэсту супраць палітыкі прэзідэнта Дональда Трампа і ягонага паплечніка Ілана Маска. Арганізатары называюць іх дзеянні «варожым захопам улады» і атакай на фундаментальныя правы і свабоды амерыканцаў, паведамляе CNN.

Акцыі пратэсту пад лозунгам Hands Off! («Рукі прэч!») былі арганізаваныя кааліцыяй грамадскіх рухаў у супрацоўніцтве з праваабарончымі арганізацыямі, прафзвязамі ды іншымі ініцыятывамі.
Пратэсты прайшлі ў сталіцах штатаў, ля будынкаў федэральных органаў, у парках і на вуліцах гарадоў. Некаторыя акцыі таксама адбыліся па-за межамі ЗША. Паводле звестак арганізатараў, удзел у іх узялі блізу 600 тысячаў чалавек.
Сярод асноўных патрабаванняў пратэстоўцаў – спыніць узмацненне ўплыву буйных бізнэсмэнаў і карупцыю ва ўрадзе ЗША, не дапускаць скарачэння фінансавання сацыяльных праграмаў, а таксама спыніць дыскрымінацыю ў дачыненні да мігрантаў, трансгендараў і іншых уразлівых групаў.
Падчас мітынгу ў Вашынгтоне выступілі некалькі прадстаўнікоў Кангрэса, у тым ліку Джэймі Раскін і Максвэл Фрост – яны выказалі занепакоенасць узмацненнем аўтарытарных тэндэнцый і скарачэннем сацыяльных праграмаў. Паводле іх словаў, адміністрацыя Трампа праводзіць палітыку, накіраваную на паслабленне правоў працоўных, абмежаванне свабоды слова і скарачэнне дзяржаўнага сектару.
– Нам кажуць, што мігранты адбіраюць нашыя працоўныя месцы, але насамрэч менавіта гэтыя людзі (прадстаўнікі ўлады ў ЗША. – Заўв. рэд.) вывозяць бізнэс за мяжу і наймаюць юрыстаў для разгрому прафзвязаў. Нам кажуць, што транс-персоны – пагроза дзецям, а самі яны зачыняюць школы, адмаўляюць кліматычны крызіс і ігнаруюць эпідэмію гвалту з ужываннем зброі, – заявіў Фрост, назваўшы тое, што адбываецца, «уздымам аўтарытарызму на стэроідах».

Крытыку зазналі і дзеянні Ілана Маска, які ўзначаліў новы Дэпартамент эфектыўнасці ўраду (DOGE). Так, Маск заяўляў пра значнае скарачэнне дзяржаўных выдаткаў, у тым ліку закрыццё USAID і звальненне тысячаў дзяржслужбоўцаў. Таксама ў рамках «аптымізацыі» была рэарганізаваная Адміністрацыя сацыяльнага забеспячэння, што прывяло да збояў у яе працы.
Пратэстоўцы нагадалі, што адміністрацыя Трампа ўзмацніла жорсткасць міграцыйнага кантролю, уключаючы планы масавых дэпартацый, што ўжо выклікала праблемы – у адным выпадку была памылкова выслана сям'я з Сальвадора.

На пратэстах таксама выступілі лідары прафзвязаў дзяржслужбоўцаў. Яны заявілі, што дзеянні ўраду ЗША – самая сур'ёзная атака на калектыўныя працоўныя правы за апошнія дзесяцігоддзі. У адказ прафзвязы падалі пазоў у суд з патрабаваннем спыніць абмежаванні, якія ўводзяцца адміністрацыяй Трампа.
З пачатку другога тэрміну Трампа, паводле звестак CNN, было звольнена больш за 120 тысячаў супрацоўнікаў федэральных установаў. Пратэстоўцы выказваюць занепакоенасць тым, што такія захады падрываюць стабільнасць дзяржаўных інстытутаў і ставяць пад пагрозу сацыяльныя гарантыі для мільёнаў грамадзянаў.