7 красавiка 2025, панядзелак, 8:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У яшчэ аднаго нобелеўскага лаўрэата знайшлі беларускія карані

5
У яшчэ аднаго нобелеўскага лаўрэата знайшлі беларускія карані
БОБ ДЫЛАН

Ягоныя продкі прыехалі ў ЗША з Гародні ці Гарадзенскай губерні.

У 2016 годзе Нобелеўскую прэмію ў літаратуры атрымаў культавы амерыканскі музыка і аўтар-выканаўца Боб Дылан. Між тым ён мае беларускія карані. Пра гэта сцвярджае тэлеграм-канал «Пошук продкаў».

Бабуля і дзядуля Дылана з бацькоўскай лініі, Зігман і Ганна Цымерманы, эмігравалі з Адэсы ў ЗША пасля антысеміцкага пагрому 1905 года. Бабуля і дзядуля з матчынай лініі, Бэн і Флорэнс Стоўн прыбылі ў ЗША ў 1902 годзе.

Як зазначае аўтарка канала, яна прагледзела шэраг працаў: «Месца нараджэння продкаў Дылана з матчынай лініі – Lithuania, або Russia. Некаторыя даследнікі мяркуюць, што гэта Kovno / Kaunas, праўда, спасылаюцца на базу пахаванняў, рэальных дакументаў у іх няма».

Даследніца прааналізавала звесткі амерыканскіх перапісаў і ні разу не сустрэла згадкі горада, з якога Эдэльштэйны (дзявочае прозвішча бабулі) прыехалі ў ЗША. А вось у карабельных фаніфестах, у якіх была інфармацыя пра пасажыраў, такія звесткі знайшліся. Бенджамін Эдэльштэйн (1869–1961) і ягоная жонка Лебэ Эдэльштэйн (1872–1942), бацькі Флорэнс Стоўн і, адпаведна, прабабуля і прадзядуля Боба Дылана, прыехалі з Гародні.

Пры гэтым, як зазначаецца ў канале, размова можа ісці не пра сам горад Гародню, а пра Гарадзенскую губерню. Дарэчы, у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў горадзе. Гародні ёсць справа «Аб спагнанні штрафу на пратэрміноўку замежнага пашпарта з Лапіна, Эдэльштэйна і іншых, 1898 г.».

Сярод нараджэнцаў Беларусі Нобелеўскія прэміі атрымлівалі наступныя людзі:

нараджэнец Пінска Сайман Кузнец – эканоміка (1971);

нараджэнец Берасця Менахем Бегін – прэмія міру (1978);

нараджэнец вёскі Вішнева (цяпер Валожынскі раён Менскай вобласці) Шымон Перэс – прэмія міру (1994);

нараджэнец Віцебска Жарэс Алфёраў – фізіка (2000).

Таксама ў 1982 годзе прэмію ў хіміі атрымаў брытанскі і паўднёваафрыканскі біяхімік Аарон Клуг. Паводле адной з версіі, ён нарадзіўся ў літоўскім горадзе Жэлвас, паводле іншых – у беларускай Зэльве.

У 2015 годзе лаўрэатам Нобелеўскай прэміі ў літаратуры стала Святлана Алексіевіч.

У 2022-м лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру стаў палітвязень Алесь Бяляцкі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках