7 красавiка 2025, панядзелак, 7:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Акадэмік, які кінуў выклік неадэкватнаму Лукашэнку

9
Акадэмік, які кінуў выклік неадэкватнаму Лукашэнку
Радзім Гарэцкі

Жыццё і правілы Радзіма Гарэцкага.

Сайт udf напісаў пра Радзіма Гарэцкага – акадэміка, які так і не прыняў уладу Лукашэнкі.

Яго дзяцінства і юнацтва прайшлі ў ссылцы, куды, паводле прысуду суда, у 1931-м годзе адправілі яго бацьку - Гаўрылу Гарэцкага, геолага, аднаго з заснавальнікаў Беларускай Акадэміі навук. Маці Радзіма разам з маленькімі дзецьмі накіравалася ўслед за мужам у Карэлію – зняла маленькі пакой побач з лагерам, дзе асуджаныя будавалі Беламора-Балтыйскі канал. І цягам некалькіх гадоў пераязджала туды, куды перапраўлялі яе мужа - Кола, Тулома, Мядведжагорск, Рыбінск, Запарожжа, Салікамск...

У той час уся сям'я Гарэцкіх зазнала рэпрэсіі – родны дзядзька Радзіма, малодшы брат бацькі, пісьменнік Максім Гарэцкі, быў асуджаны ў 1930-м паводле сфабрыкаванай справы «Саюза вызвалення Беларусі» і, паводле прысуду «тройкі», расстраляны 10 лютага 1938-га года.

А прафесію геолага Радзім Гарэцкі абраў не выпадкова - хацеў быць падобным на бацьку. У канцы 40-х паступіў у Маскоўскі нафтавы інстытут, сумяшчаючы вучобу з працай геолага. У 1952 годзе, пасля заканчэння інстытута, быў прыняты ў Геалагічны інстытут Акадэміі навук СССР, дзе працаваў да 1971 года. Свае першыя навуковыя працы прысвяціў тэрыторыям Казахстана і Сярэдняй Азіі. Апублікаваны шэраг прац, сярод якіх выдзяляецца манаграфія «Тэктоніка маладых платформ Еўразіі». Браў актыўны ўдзел у складанні Міжнароднай тэктанічнай мапы Еўропы, тэктанічнай мапы Еўразіі і за гэтыя распрацоўкі ў 1969 годзе быў удастоены Дзяржаўнай прэміі СССР...

І хаця Радзім Гарэцкі з'ехаў з Беларусі ва ўзросце трох гадоў, яго заўсёды цягнула на радзіму. І ў 1971 ён вярнуўся ў Менск, дзе ў Інстытуце геахіміі і геафізікі АН БССР стварыў аддзел агульнай і рэгіянальнай тэктонікі...У 1977 годзе быў абраны правадзейным чальцом Акадэміі навук БССР і прызначаны дырэктарам Інстытута геахіміі і геафізікі Акадэміі навук БССР. Пад ягоным кіраўніцтвам была створаная Тэктанічная мапа Беларусі...Але што такое «тэктоніка» з пункту гледжання простага абывацеля? І чаму Радзім Гарэцкі ўсё сваё жыццё прысвяціў вывучэнню гэтых старажытных платформ?

Насамрэч, «тэктонікай» завуцца рухі зямной кары, выкліканыя глыбіннымі працэсамі. Менавіта яны фармуюць вонкавае аблічча планеты - фармуюць акіяны, руйнуюць горныя хрыбты, гэта значыць, ствараюць паверхню, на якой існуе клімат...Не выключана, што «тэктанічныя зрухі» маюць самае наўпроставае стаўленне да глабальнага пацяплення ва ўсім свеце.

Вывучэннем гэтых глабальных працэсаў усё сваё жыццё і займаўся доктар геолага-мінералагічных навук, акадэмік Радзім Гарэцкі. З 1992 да 1997 года ён быў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі, але потым яго адправілі на пенсію. І ўзрост тут не пры чым. Проста Радзім Гарэцкі, які з першых дзён абвяшчэння незалежнасці нашай краіны, сам быў занадта незалежным. І ягоны пункт гледжання (якім ён бачыць будучыню нашай краіны) не заўсёды супадаў з пунктам гледжання Аляксандра Лукашэнкі, які стаў «прэзідэнтам» РБ у 1994-м годзе.

Радзім Гарэцкі актыўна супрацоўнічаў з беларускай дыяспарай, арганізоўваў кангрэсы беларусаў па ўсім свеце. Быў чальцом праўлення Таварыства беларускай мовы, Беларускага фонду культуры. Выступаў за дэмакратыю і дзяржаўную незалежнасць Беларусі, адраджэнне беларускай мовы і культуры...Гэта, відаць, і не спадабалася дзейнай уладзе.

У 2020-м, падчас масавых пратэстаў, Радзім Гарэцкі ў інтэрв'ю «Народнай волі» выказаў свой пункт гледжання на падзеі:

«Мне вельмі балюча на ўсё гэта глядзець. Па мірным Менску ездзяць бронетранспарцёры, аўтазакі. Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны аплецены калючым дротам, як у вайну! Улада неяк неадэкватна ўспрымае сітуацыю. Вуліцамі ж мірны народ ідзе. Людзі так і гавораць: мы выйшлі на мірнае шэсце! За што іх дубасіць?

Сёння Радзім Гарэцкі на пенсіі. Яму 96 год. Рэдакцыя Charter97.org ад усяго сэрца віншуе яго, і ўсіх геолагаў Беларусі з іх прафесійным святам, якое адзначаецца ў першую нядзелю красавіка.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках